Ізраіль заявіў, што ня дасьць караблю з Грэтай Тунбэрг даплыць да Газы

Грэта Тунбэрг на караблі Madleen. 1 чэрвеня 2025 году

Міністар абароны Ізраілю Ізраэль Кац у нядзелю распарадзіўся не дапусьціць прыбыцьця да берагоў Газы карабля з гуманітарнай дапамогай, на борце якога 12 прапалестынскіх актывістаў, у тым ліку Грэта Тунбэрг з Швэцыі.

«Я аддаў распараджэньне арміі перадухіліць прыбыцьцё флятыліі Madleen у Газу... Антысэмітцы Грэце і яе спадарожнікам, рупарам прапаганды ХАМАС, я кажу ясна: разварочвайцеся, вы не дасягнеце Газы», — гаворыцца ў заяве міністра, апублікаванай яго офісам.

Заяву цытуе AFP.

Карабель Madleen, які ўваходзіць у міжнародную «Кааліцыю флятыліі свабоды», выйшаў з італійскага порту Катаньня на ўзьбярэжжы Сыцыліі 1 чэрвеня і ў суботу ўвайшоў у тэрытарыяльныя воды Эгіпту, гэта зусім блізка да Ізраілю і Газы.

Заяўленая мэта місіі — дастаўка гуманітарнай дапамогі насельніцтву.

Кац падкрэсьліў, што блякада Газы скіраваная на перадухіленьне паставак зброі для ХАМАС — радыкальнай палестынскай групоўкі, прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай арганізацыяй.

Місію арганізавала «Кааліцыя флятыліі свабоды», якая ўжо 15 гадоў спрабуе трапіць у Газу морам, праз тэрытарыяльныя воды, якія кантралюе Ізраіль.

Грэта Тунбэрг у дзень адплыцьця карабля з Італіі, 1 чэрвеня 2025 году

Грэта Тунбэрг стала ўсясьветна вядомай пасьля эмацыйнай прамовы на кліматычным Саміце ААН у 2019 годзе. Ёй тады было ўсяго 16 гадоў.

Яна адкрыта гаворыць пра тое, што мае сындром Аспэргера (адна з формаў аўтызму), і лічыць гэтую сваю асаблівасьць «супэрсілай», якая дапамагае ёй не адступаць ад сваіх перакананьняў.

Часопіс Time у 2019-м назваў яе «чалавекам году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатура і БелАЭС. Як улады ў Беларусі шкодзяць людзям і прыродзе праз атамную станцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пэрсікі не растуць. Агуркі ападаюць. Рака атручаная». Як Кітай здабывае карысныя выкапні ў Сэрбіі і Таджыкістане