Польскі Сэйм выказаў давер ураду Дональда Туска

Дональд Туск

У час галасаваньня ў залі не было некалькіх дэпутатаў апазыцыі, у тым ліку галоўнага палітычнага апанэнта Туска.

У парлямэнце Польшчы адбылося галасаваньне наконт вотуму даверу кіроўнай кааліцыі на чале з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам.

Давер Туску і кааліцыі выказалі 243 дэпутаты, 210 прагаласавалі супраць. Ніхто не ўстрымаўся, паведаміў Onet.

Пры гэтым у залі для галасаваньня зь нейкай прычыны не было адразу сямі дэпутатаў «Права і справядлівасьці» — асноўнай апазыцыйнай партыі краіны. У тым ліку не прыйшоў на галасаваньне былы старшыня Сэйму і кіраўнік «ПіС» Ярослаў Качыньскі. У час жа сёньняшнага выступленьня Туска перад парлямэнтам адсутнічала большасьць прадстаўнікоў «ПіС». Каля 270 дэпутатаў задалі Туску свае пытаньні. Пры гэтым прэм’ер заслухаў звыш 50 зь іх і затым пакінуў залю.

Пытаньне пра вотум даверу ўраду паўстала пасьля шэрагу супярэчнасьцяў сярод сяброў кіроўнай кааліцыі і перамогі на выбарах прэзыдэнта Караля Наўроцкага, якога падтрымала партыя «ПіС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы Туск пасьля паразы аднапартыйца Тшаскоўскага на выбарах заявіў, што зьвернецца па вотум даверу ўраду

Што тычыцца выступленьня Туска перад дэпутатамі 11 чэрвеня, то яно сустрэла шмат крытыкі. Славомір Мэнцэн з ультраправай «Канфэдэрацыі» заявіў, што прэм’ер не сказаў нічога істотнага для выбарцаў, а цікавіла яго толькі атрыманьне вотуму даверу ягонаму ўраду. Прадстаўнік «ПіС» Пшэмыслаў Чарнэк адзначыў, што ўрад Туска закрыў вытворчасьць радыёізатопаў на рэактары «Марыя», які прадукаваў 10% усясьветных патрэбаў, і ў той жа момант вытворчасьць радыёізатопаў адкрылі немцы. У працы на Нямеччыну Туска апазыцыя вінаваціла й раней, сёньня закіды паўтарыліся, як і патрабаваньні пайсьці ў адстаўку.

Прэтэнзіі знайшліся і ў дэпутатаў зь левага і ультралевага крылаў. Прадстаўніца «Лявіцы» Анна Марыя Жукоўская адзначыла, што ёй застаецца няяснай сапраўдная пазыцыі ўрадавай кааліцыі вакол партнэрскіх стасункаў, а былы кандыдат у прэзыдэнты ад гэтай партыі Адрыян Зандбэрг раскрытыкаваў урад за нявырашанае пытаньне прафэсіяналізацыі кіраваньня дзяржаўнымі актывамі.

Акрамя таго, маршалак Сэйму Шыман Галоўня адзначыў, што дэпутату Эўрапарлямэнту Гжэгажу Браўну будзе забаронены ўваход у Сэйм. Прычына — чарговы ўчынак Браўна, які раней тушыў габрэйскую мэнору з агнягасільніка і падпальваў сьцяг Эўразьвязу ва ўрадавай установе, гэтым разам зьнішчыў выставу «Вясёлкавае Аполе», што апавядала пра змаганьне за правы ЛГБТК+ у ваяводзкім горадзе.

Цяпер выйшла заява, згодна зь якой ахова можа дакранацца і чалавека з дэпутацкай недатыкальнасьцю, у выпадку, калі ён нішчыць маёмасьць парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Караль Наўроцкі — гісторык-кансэрватар, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы, выкарыстоўваючы рэцэпты Трампа