«Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі каля сотні сайтаў расейскіх адміністрацыяў

Ілюстрацыйнае фота

Сваю акцыю беларускія хакеры прымеркавалі да расейскага дзяржаўнага сьвята «Дзень Расеі», якое адзначаецца 12 чэрвеня.

У прыватнасьці, сайт «Нефтегазоэксперт» беларускія хакеры аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне, каб нагадаць расейцам пра вайну, якую пачала іхная дзяржава супраць суседняй Украіны.

«Сёньняшні дзень Расеі — гэта ганебнае сьвята тых, хто намагаецца баляваць на касьцях і крыві тысячаў мірных людзей і ваяроў, загінулых за свабоду і незалежнасьць ад расейскіх захопнікаў. Не дазволім пра гэта забыць», — напісалі ў сваім тэлеграм-канале «Кібэрпартызаны».

Ініцыятыва заявіла, што ўзламала 95 сайтаў адміністрацыяў па ўсёй Расеі. Іх таксама аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне.

«Ганьба людзям, якія заплюшчваюць вочы і нават падтрымліваюць боль і гвалт „русского мира“. Альбо лічаць, што іх гэта не датычыцца, бо непасрэдна над іх галовамі не лятаюць ракеты», — дадалі «Кібэрпартызаны».

Арганізацыя займае праўкраінскую пазыцыю ў вайне і ўжо выкрыла шэраг наймітаў зь беларускімі пашпартамі, якія падпісалі кантракты з расейскім войскам і адправіліся на вайну.

  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году.
  • Атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
  • Сваю дзейнасьць «Кібэрпартызаны» называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» праверылі сьпіс беларускіх наймітаў у расейскім войску: «Да 2021 году далёка ня ўсе мелі пашпарт Беларусі»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны»: сужэнцу журналісткі Сямашкі ўлады Беларусі выдалі два пашпарты на розныя імёны