Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрану

Пашкоджаны авіяўдарам дом у Тэгеране

Ізраіль 13 чэрвеня нанёс па ядзерных аб’ектах і вайсковых базах Ірану ўдары, назваўшы іх «прэвэнтыўнымі», а іх мэту — ня даць Ірану стварыць уласную ядзерную зброю.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу сказаў, што мэта вайсковай апэрацыі — «ухіліць іранскую пагрозу» існаваньню Ізраілю. Ён дадаў, што атакі будуць ісьці, пакуль гэтая пагроза ня зьнікне.

«Мы ўдарылі ў самае сэрца іранскай праграмы ўзбагачэньня ўрану. Асабліва па аб’екце ў Натанзе. Мы таксама ўдарылі па іранскай праграме балістычных ракетаў», — сказаў Нэтаньягу.

Ён дадаў, што Ізраіль ударыў і па іранскіх навукоўцах, «якія працавалі над іранскай бомбай».

Ізраіль атакаваў дзясяткі аб’ектаў па ўсім Іране, паведаміў адзін з ізраільскіх службоўцаў.

Выбух у Тэгеране

Іранская дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што адным з пацярпелых аб’ектаў быў камандны пункт Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) у Тэгеране.

Дзяржаўная тэлевізія Ірану паведаміла, што аб’ект у Натанзе быў абстраляны «некалькі разоў», і паказала кадры густога дыму, які ішоў з аб’екту.

Афіцыйная агенцыя навін IRNA паведаміла, што ўдары таксама закранулі жылыя раёны ў Тэгеране і іншых гарадах. Паводле агенцтва, у адным з жылых комплексаў Тэгерану загінулі людзі, у тым ліку жанчыны і дзеці.

Па чым наносіліся ўдары

  • Гарады: Тэгеран, Тэбрыз, Керманшах, Ісфахан, Шыраз.
  • Два заводы, дзе ўзбагачалі ўран, — у гарадах Нэтэнз і Форда.
  • Прынамсі шэсьць вайсковых баз у Тэгеране і ваколіцах.
  • Два жылыя комплексы вышэйшага вайсковага камандаваньня.

Загінулі вядомыя ў Іране вайскоўцы і навукоўцы

Генэрал-маёр Махамад Багеры — былы кіраўнік генштабу Ўзброеных сіл Ірану, які да сёньня ўзначальваў «Камандную сетку» Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Гэтая структура ўплывае на прыняцьце галоўных палітычных рашэньняў у Іране і кантралюе найважнейшыя ваенныя і палітычныя пасады.

Генэрал Хасэйн Салямі — галоўнакамандуючы Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Генэрал Голям-Алі Рашыд — намесьнік галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ірана.

Генэрал Амір Алі Хаджызадэ — кіраўнік падразьдзяленьня паветрана-касьмічных сіл Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. (Інфармацыя з ізраільскіх крыніц, не пацьверджаная іранскімі).

У Іране людзі выйшлі на антыізраільскія пратэсты з партрэтамі забітых

Фэрэйдун Абасі — былы кіраўнік Арганізацыі атамнай энэргіі Ірану.

Махамад Мэхдзі Тэгеранчы — вядучы фізык-тэарэтык і прэзыдэнт Ісламскага ўнівэрсытэту Азад у Тэгеране.

Абдул-Хамід Манучэхры — кіраўнік катэдры ядзернай інжынэрыі ва Ўнівэрсытэце Шахіда Бэхэшці ў Тэгеране.

Таксама загінулі дзясяткі мірных жыхароў, паведамілі іранскія СМІ.

«Масад» дронамі нэўтралізаваў іранскую СПА — ізраільскія СМІ

Паводле ізраільскіх СМІ, агенты зьнешняй выведкі «Масад» і групы камандас некалькі тыдняў таму таемна прывезьлі ў Іран «высокадакладную зброю» і стварылі базу зь беспілётнікамі, якія яны задзейнічалі падчас атакі, каб нэўтралізаваць іранскую супрацьпаветраную абарону.

У цэнтральным Іране агенты «Масаду» разьмясьцілі нават ракеты — побач з зэнітнымі комплексамі. Калі пачалася атака, гэтыя ракеты запусьцілі проста з іранскай зямлі.

Пажар пасьля выбуху ў Тэгеране

Іран скасаваў перамовы. ЗША папярэдзіла пра яшчэ больш жорсткія ўдары

  • Іран адмяніў шосты раўнд ядзерных перамоваў з ЗША ў Амане.
  • Прэзыдэнт ЗША папярэдзіў пра магчымыя «яшчэ больш жорсткія» ўдары, калі Іран ня пойдзе на пагадненьне па згортваньні ядзернай праграмы.
  • Цана нафты вырасла больш як на на 12%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адрэагаваў на ўдары Ізраілю па Іране: можа быць яшчэ горш, калі ня будзе ўгоды аб ядзернай зброі

У пятніцу днём стала вядома пра другую хвалю ізраільскіх атак. Паветраная прастора ў рэгіёне закрытая, рэйсы скасаваныя.

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў, што Ізраіль моцна паплаціцца за гэтыя напады.

«Гэтым злачынствам Ізраіль асудзіў сябе на горкі і балючы лёс, ён абавязкова атрымае тое, чаго заслугоўвае», — сказаў Хамэнэі.

Разбурэньні ў Тэгеране 13 чэрвеня 2025 году

За некалькі гадзінаў да ўдараў Ізраілю Трамп заклікаў да дыпляматычнага разьвязаньня канфлікту.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё сказаў, што Ізраіль дзейнічаў «аднабакова супраць Ірану», і ЗША ў гэта ня ўмешваліся.

Паводле Рубіё, Ізраіль паведаміў Вашынгтону, што лічыць гэтыя ўдары патрэбнымі для сваёй абароны.

Наступствы ізраільскага ўдару па Натанзе. Кадар зь відэа, паказанага іранскім тэлеканалам IRINN 13 чэрвеня 2025 году

Міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац папярэдзіў людзей пра магчымую атаку ў адказ.

«Пасьля нашага прэвэнтыўнага ўдару па Іране чакаецца, што неўзабаве Ізраіль і ягонае насельніцтва будуць атакаваныя ракетамі і бесьпілётнікамі», — сказаў Кац.

Ізраільская авіякампанія «Эль Аль» спыніла ўсе рэйсы ў Ізраіль і зь яго. Сваю паветраную прастору закрылі таксама Іран і Ірак.

Як паведаміў Wall Street Journal, Нэтаньягу раней на гэтым тыдні абмяркоўваў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам магчымасьць удараў па Іране.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яхту з Грэтай Тунбэрг на борце затрымалі ўлады Ізраілю

Трамп расказаў, што заклікаў Нэтаньягу пачакаць з атакамі, пакуль ЗША вядуць перамовы з Іранам.

«Пакуль я бачу шанец на пагадненьне, я не хачу, каб яны ўмешваліся, бо гэта можа ўсё сарваць», — казаў Трамп.

12 чэрвеня Трамп напісаў у Truth Social, што ЗША ўсё яшчэ хочуць весьці перамовы з Іранам. Але ён таксама папярэдзіў, што Ізраіль, імаверна, нанясе ўдар па Іране.

«Мы па-ранейшаму за дыпляматычнае вырашэньне іранскай ядзернай праблемы! Уся мая адміністрацыя атрымала загад весьці перамовы з Іранам», — заявіў Трамп.

Аднак Трамп дадаў, што Тэгеран «мусіць цалкам адмовіцца ад думкі пра атрыманьне ядзернай зброі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч запярэчыў украінскай выведцы: у Беларусі ядзерная зброя ёсьць

ЗША і Іран вялі перамовы, каб разьвязаць пытаньне зь ядзернай праграмай Ірану мірным шляхам. Шосты раўнд перамоваў пачнецца 15 чэрвеня ў Маскаце (Аман). Іран увесь час заяўляў, што ягоная ядзерная праграма прызначана толькі для мірных мэтаў, а не для вайсковых.

11 чэрвеня міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы сказаў, што калі мэтай пагадненьня будзе гарантыя, што Іран ня вырабіць ядзерную зброю, то дамовіцца можна.

Аднак ён падкрэсьліў, што Іран мусіць мець права ўзбагачаць уран для сваёй мірнай ядзернай праграмы. Трамп жа быў катэгарычна супраць уключэньня гэтага пункту ў якое-хаця пагадненьне.

Раней, 12 чэрвеня, Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ прыняло рэзалюцыю, у якой упершыню з 2005 году афіцыйна заявіла, што Іран не выконвае сваіх абавязаньняў у нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.

За гэтую рэзалюцыю, якую прапанавалі ЗША і тры іхныя эўрапейскія хаўрусьнікі (Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына), прагаласавалі 19 чальцоў Рады МАГАТЭ з 35.

У адказ МЗС Ірану абвясьціла, што будзе створаны новы аб’ект для ўзбагачэньня ўрану, а старыя цэнтрыфугі заменяць на больш сучасныя, перадаюць агенцтвы AP і Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь імі нешта сталася». Трамп «менш упэўнены» ў магчымасьці ядзернай угоды з Іранам