У Латвіі ўвялі адразу некалькі забаронаў для грамадзян Беларусі й Расеі, а таксама супрацоўнікаў органаў улады

Саэйма (Парлямэнт) Латвіі. Архіўнае фота

Парлямэнт Латвіі 12 чэрвеня ўхваліў адразу два законы, якія ўводзяць забарону грамадзянам Расеі і Беларусі працаўладкоўвацца або надаваць паслугі ў галіне крытычнай інфраструктуры, а прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіраваньня Латвіі — наведваць Расею і Беларусь.

Як паведаміла выданьне delfi.lv, сярод такіх аб’ектаў — сыстэмы і іх часткі, разьмешчаныя ў Латвіі і неабходныя для выкананьня важных грамадзкіх функцыяў, а таксама для абароны здароўя, бясьпекі, эканамічнага ці сацыяльнага дабрабыту людзей.

Грамадзяне Беларусі і Расеі ня змогуць працаваць на пасадах, зьвязаных з допускам да інфармацыі або тэхналягічнага абсталяваньня, неабходных для функцыянаваньня крытычнай інфраструктуры. У той жа час закон прадугледжвае, што беларусы і расейцы змогуць працаваць на такіх аб’ектах толькі на падставе асобнага дазволу, выдадзенага ад нацыянальнага органу бясьпекі.

Апроч таго, заканадаўчыя зьмены прадугледжваюць, што грамадзяне Беларусі і Расеі ня змогуць стаць уласьнікамі, бэнэфіцыярамі ці кіраўнікамі аб’ектаў крытычнай інфраструктуры эўрапейскага значэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі ўхвалілі закон, якія забараняе беларусам і расейцам працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры

Забарона для грамадзян Латвіі выяжджаць у Беларусь і Расею

Яшчэ адным ухваленым 12 чэрвеня законам «Аб абмежаваньні дзеяньняў, што пагражаюць нацыянальнай бясьпецы» парлямэнт забараніў супрацоўнікам дзяржаўнага кіраваньня Латвіі выяжджаць у Расею і Беларусь.

Забарона закране тых асобаў, якія атрымалі дазвол на доступ да дзяржаўнай таямніцы ў сфэры бясьпекі крытычнай інфраструктуры, супрацоўнікаў Міністэрстваў абароны, унутраных справаў і юстыцыі, установаў, што ім падпарадкоўваюцца, і вайсковых аб’ектаў, прадстаўнікоў падатковай і мытнай паліцыі, супрацоўнікаў дыпляматычнай і консульскай службы, а таксама пракуратуры і судоў.

Закон прадугледжвае, што парушэньне забароны на выезд будзе лічыцца падставай для скасаваньня працоўных дачыненьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі прапануюць распаўсюдзіць забарону набываць нерухомасьць на юрыдычныя асобы зь Беларусі і Расеі


Сёлета вясной улады Латвіі ініцыявалі ўвод такіх забаронаў, урад распрацаваў адпаведны законапраект.

Два тыдні таму Латвія забараніла ўезд на сваю тэрыторыю некаторым грамадзянам Расеі, якія валодаюць нерухомасьцю побач з стратэгічнымі аб’ектамі.