Студыю «Вольная сцэна», якая праіснавала ў Менску з 1990 па 2000 гады, у 2025-м у Беластоку адраджае вучань вядомага рэжысэра Валера Мазынскага Ўладзімер Лісоўскі. У 1999 годзе Валер Мазынскі гатовы быў узяць юнага Лісоўскага ў свой тэатар, але таго прызвалі ў войска. Служачы ў войску, Лісоўскі злаўчыўся паступіць у Беларускі ўнівэрсытэт культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтва — БДУКМ), дзе пасьля закрыцьця «Вольнай сцэны» выкладаў Мазынскі.
Праўдамі і няпраўдамі салдату ўдалося цягам паўгоду сумяшчаць службу ў войску і вучобу ва ўнівэрсытэце. Уладзімер кажа, што гэта было няпроста — першы залік пераздаваў некалькі разоў. Пасля БДУКМ Лісоўскага разьмеркавалі ў Драматычны тэатар Беларускай арміі, выкладаў ён у Акадэміі мастацтваў, але там рэжысэру не спадабалася — не хапала свабоды. Выпусьціў тры курсы ў Менскім каледжы мастацтваў.
Канцэнтрацыя таленавітых артыстаў
У 2022 годзе Лісоўскі з палітычных прычынах мусіў зьехаць зь Беларусі. Жыве ў Беластоку, працуе ў мясцовым тэатры асьвятляльнікам.
«Калі я ўбачыў у Беластоку канцэнтрацыю таленавітых беларускіх артыстаў, то зразумеў, што гэтым неабходна скарыстацца. Бо тут і знакамітыя купалаўцы з праекту „ЧынЧынЧэнэл“ Зьміцер Есяневіч і Міхась Зуй, акторы зь белсатаўскага гумарыстычныга праекту „Хай так“ Яўген Казакевіч, Яўген Бржусь ды іншыя. Я вырашыў да Дня Волі паставіць сучасны спэктакль паводле містэрыі Зянона Пазьняка „Інсургенты“», — апавядае Ўладзімер Лісоўскі.
Рэжысэр Уладзімер Лісоўскі
Памочніца рэжысэра Аксана Марцёшкіна гаворыць, што раней ніколі ня мела дачыненьня да тэатру. Але пагадзілася дапамагчы зрабіць праект да Дня Волі. Пачалі працаваць у канцы студзеня.
«Абмяркоўвалі, шукалі актораў. Спачатку быў крыху іншы акторскі склад. Але трое актораў зь пяці выйшлі з праекту літаральна ў адзін дзень. Знайшлі ім замену, і, мне здаецца, тое, што атрымалася, лепей, чым магло быць. Рэжысэр займаўся творчымі пытаньнямі, а ўсе арганізацыйныя моманты аказаліся на мне», — кажа Аксана.
Да Дня Волі не пасьпелі. Прэм’ера адбылася 30 красавіка ў Беларускім доме ў Беластоку. Спэктакль цёпла прынялі гледачы. Быў яшчэ адзін паказ у Беластоку. А 11 чэрвеня пастаноўку з аншлягам паказалі ў Варшаве.
«Галасы з таго сьвету»
Містэрыю «Інсургенты» Зянон Пазняк напісаў у 2019 годзе, калі ў Вільні былі знойдзеныя і перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага й іншых паўстанцаў 1863 году.
Аднак нядаўна створаная тэатральная лябараторыя перарабіла містэрыю на сучасны лад. Атрымалася не гістарычная рэканструкцыя і нават не тэатральная мэтафара. Гэта галасы з таго сьвету, дзе забітыя паўстанцы і ахвяры рэпрэсіяў працягваюць сваю справу — змагаюцца за вольную Беларуь. Паўстанцы ХІХ стагодзьдзя ў спэктаклі не жывыя, ня мёртвыя — яны знаходзяцца ў нейкім сьвеце зданяў. Яны будуюць мост паміж паміж тагачаснымі паўстанцамі-рэвалюцыянэрамі і цяперашняй Беларусьсю.
Пастаноўка «Інсургенты» студыі «Вольная сцэна» ў Варшаве, 11 чэрвеня 2025. У ролі Апалёніі Вольга Каралёнак, у ролі Каліноўскага Яўген Казакевч, у ролі Далеўскага — Яўген Бржусь
Калі героі п’есы рыхтуюцца да Дзядоў, на сьцяне паказваюць відэакадры разгону шэсьця на Дзяды ў 1988 годзе, дзе ідзе зь мікрафонам Зянон Пазьняк. На экране кадры пратэстаў 2020 году, інтэрвію народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра свабоду і незалежнасьць. Ёсьць у спэктаклі і сучасныя анэкдоты, да прыкладу, пра сьмерць «вусатага і тоўстага чалавека» ў выкананьні Зьмітра Есяневіча.
«Пакіньце эшафоты ворагам!»
Акрамя герояў-паўстанцаў, рэжысэр Уладзімер Лісоўскі ўводзіць ў спэктакль жаночы вобраз, якога не было ў п’есе Зянона Пазьняка, — жонкі Зыгмунта Серакоўскага Апалёніі, якая страціла дзіця. Ролю Апалёніі выконвае Вольга Каралёнак.
«Хацелася ахапіць розныя групы беларусаў, якія яскрава сябе праявілі ў пратэстах супраць Лукашэнкі. Гэта найперш жанчыны, якія выходзілі ў белым з кветкамі на жаночыя маршы — абысьці іх я ня мог. Мы вырашылі гэта зрабіць праз жонку Серакоўскага Апалёнію. Яна гістарычна вельмі яркі пэрсанаж.
Выходзіла на маршы шмат вернікаў — у асобе іх ксёндз Ішора (актор Зьміцер Есяневіч). Было шмат інтэлігенцыі — культурных, адукаваных людзей; іх прадстаўляў Тытус Далеўскі (Яўген Бржусь). Былі людзі, настроеныя больш ваяўніча — выяўляў іх Серакоўскі», — кажа рэжысэр Уладзімер Лісоўскі, які сам і выконвае ролю Серакоўскага.
Пастаноўка "Інсургенты" студыі "Вольная сцэна" ў Варшаве, 11 чэрвеня 2025
Калі Кастусь Каліноўскі (актор Яўген Казакевіч) спрабуе накінуць вяроўку зь пятлёй на шыю, жонка Серакоўскага Апалёнія пранізьліва вымаўляе:
«На эшафот? Мужчыны, вы пра што? Пакіньце эшафоты ворагам! Абараніце край свой, зямлю сваю, дзяцей сваіх, жонак сваіх, дом свой. Загінуць і зьнікнуць — гэта вельмі проста…»
«У спэктаклі быў не Каліноўскі, гэта быў наш сучасьнік»
На прэм’еры «Інсургентаў» у Беластоку быў аўтар п’есы Зянон Пазьняк. У цэлым ён застаўся задаволеным.
«Зрабілі харошы публіцыстычны спэктакль… У іх усё атрымалася, і вельмі добра кладзецца на сучасную сытуацыю ў Беларусі», — казаў Пазьняк.
Але яму ня вельмі спадабаўся вобраз Кастуся Каліноўскага, Галоўны герой, на думку аўтара, падаецца занадта пэсымістычным, разважлівым, зьнявераным, знэрваваным.
На такую заўвагу аўтара п’есы рэжысэр Уладзімер Лісоўскі адказаў, што ў ягоным спэктаклі няма галоўнага пэрсанажа Каліноўскага, як у п’есе Пазьняка.
«Тут ёсьць жывыя людзі, якія жывуць сёньняшнім днём у 2025 годзе. І яны зыходзяць ня з тых абставінаў, якія былі ў Каліноўскага, а з тых, якія мы маем на сёньня. Калі я размаўляў з хлопцам, які быў на вайне ва Ўкраіне, ён паглядзеў спэктакль і сказаў: „Проста дакладна адлюстраваны мой сёньняшні стан“.
Мы спрабавалі знайсьці сёньняшні грунт, на якім трымаюцца хлопцы, якія прайшлі вайну ці пратэсты й вязьніцы, якія ў іх думкі, што ў іх на сэрцы, на душы. Мы гэта шукалі. Дакладна ці недакладна атрымалася, але гэта былі нашыя пошукі, мы так гэта пабачылі», — тлумачыць рэжысэр.
Пастаноўка "Інсургенты" студыі "Вольная сцэна" ў Варшаве, 11 чэрвеня 2025
Зянон Пазьняк найперш палітык. Лісоўскі разумее, што з гледзішча палітыкі, стратэгічных плянаў Каліноўскі павінен быць гераічным, рашучым, непахісным.
«Але мы спрабавалі дагрукацца да людзей — не да іх палітычных увасабленьняў, а да чалавечай псыхалёгіі. Хто такія беларусы як людзі? Ня як палітыкі ці нацыянальна сьвядомыя асобы, а менавіта як людзі, што мы на сёньня сабою становім і чым мы жывем», — кажа рэжысэр.
«Верце мне: мы выйдзем»
Каліноўскі — гістарычны пэрсанаж, які будзе яшчэ ўвасоблены ў тэатральных творах. У нас у спэктаклі быў не Каліноўскі, а наш сучасьнік Яўген Казакевіч, ягоныя адчуваньні на сёньняшні дзень. І ня толькі ягоныя, а і тых, з кім ён меў стасункі», — разважае рэжысэр Уладзімер Лісоўскі.
У фінальнай сцэне, калі героі ахінаюць крыж сваімі белымі ўборамі і павязваюць чырвонай стужкай, Кастусь Каліноўскі прамаўляе: «Так будзе. Верце мне. Мы выйдзем».
У плянах новастворанага тэатральнага калектыву — паказаць спэктакль «Інсургенты» ў іншых гарадах.
Ёсьць пляны паставіць новыя п’есы. Але назву найбліжэйшай рэжысэр Уладзімер Лісоўскі не раскрыў — маўляў, «гэта таямніца». У крыху аддаленай пэрспэктыве, магчыма, гэта будзе «Антыгона» францускага драматурга Жана Ануя.