Менск заклікаў беларусаў у Іране і Ізраілі выконваць рэкамэндацыі мясцовых уладаў падчас эскаляцыі сытуацыі

МЗС Беларусі. Архіўнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі аб «глыбокай занепакоенасьці» з прычыны ваеннай эскаляцыі паміж Ізраілем і Іранам, а таксама інфармацыі аб гібелі мірных грамадзян.

«Сілавы сцэнар канфлікту нясе сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі, рызыкі гуманітарнай катастрофы і можа мець непрадказальныя глябальныя наступствы», — адзначаецца ў адмысловай заяве МЗС Беларусі.

У замежнапалітычным ведамстве Беларусі заклікалі ўсе бакі да «стрыманасьці, адказнасьці і недапушчэньня дзеяньняў, якія могуць нэгатыўна паўплываць на палітыка-дыпляматычныя намаганьні міжнароднай супольнасьці, скіраваныя на комплекснае ўрэгуляваньня сытуацыі на Блізкім Усходзе».

Беларускія дыпляматы настойліва рэкамэндавалі грамадзянам Беларусі пры плянаваньні паездак у краіны, што ўваходзяць у зону канфлікту, сачыць за афіцыйнымі паведамленьнямі авіяцыйных уладаў пра магчымыя абмежаваньні выкарыстаньня паветранай прасторы і прыпыненьне працы аэрапортаў.

«Грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў рэгіёне, заклікаем строга выконваць меры бясьпекі і кіравацца рэкамэндацыямі ўладаў краіны знаходжаньня», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрану

Ізраіль 13 чэрвеня нанёс па ядзерных аб’ектах і вайсковых базах Ірану ўдары, назваўшы іх «прэвэнтыўнымі», а іх мэту — ня даць Ірану стварыць уласную ядзерную зброю. Іран у сваю чаргу паабяцаў удары ў адказ.