«Я даваў Ірану адзін шанец за другім заключыць угоду. Я казаў ім вельмі рэзка: „Проста зрабіце гэта“. Але як бы яны ні стараліся, якія б блізкія ні былі да гэтага, яны проста не маглі гэтага зрабіць», — напісаў Дональд Трамп у сетцы Truth Social.
Амэрыканскі прэзыдэнт нагадаў, што ЗША вырабляе «найлепшую і найбольш сьмяротную вайсковую тэхніку ў сьвеце», якою Ізраіль валодае і ведае, як яе выкарыстаць.
«Ужо было шмат сьмерцяў і разбурэньняў, але яшчэ ёсьць час пакласьці канец гэтай бойні, бо наступныя, ужо заплянаваныя, атакі будуць яшчэ больш жорсткімі. Іран павінен заключыць угоду. [...] Проста зрабіце гэта, пакуль ня позна», — заклікаў Дональд Трамп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрануІзраіль 13 чэрвеня нанёс па ядзерных аб’ектах і вайсковых базах Ірану ўдары, назваўшы іх «прэвэнтыўнымі», а іх мэту — ня даць Ірану стварыць уласную ядзерную зброю. Іран у сваю чаргу паабяцаў удары ў адказ.
Пасьля ўдараў Іран адмяніў шосты раўнд ядзерных перамоваў з ЗША ў Амане, які меўся адбыцца 15 чэрвеня.