У Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны паведамілі, што дэпутату Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгену Шаўчэнку, які зь лістападу 2024 году знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе, пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
«Народнаму дэпутату Ўкраіны дадаткова паведамілі падазрэньне аб дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці», — паведаміла сьпікерка ДБР Вольга Чыканава.
Сьледчыя выставілі новыя абвінавачаньні на падставе экспэртызы аб выказваньнях Яўгена Шаўчэнкі, які «ганарыўся сваім асабістым сяброўствам зь беларускім дыктатарам».
«Экспэртыза пацьвердзіла, што ў выступах гэтага дэпутата ўтрымліваліся маніпуляцыі, накіраваныя на падрыў нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, дэзынфармацыю і распальваньне варожасьці. У прыватнасьці, экспэрты выявілі наўмыснае скажэньне фактаў і прасоўваньне заклікаў да зьмены тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — удакладніла Вольга Чыканава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве падазраюць, што паездкі дэпутата Шаўчэнкі ў Менск маглі фінансаваць ўлады Беларусі15 лістапада 2024 году кіеўскі суд ухваліў рашэньне аб арышце дэпутата і ягоны арышт пэрыядычна працягваюць.
У часе вобшукаў па месцы пражываньня і ў парлямэнцкім кабінэце Яўгена Шаўчэнкі знайшлі дакумэнты, якія могуць сьведчыць пра яго спрыяньне незаконным пастаўкам беларускіх угнаеньняў ва Ўкраіну, а таксама атрыманьне грошай ад беларускіх кампаній для паездак у Менск. У абвінавачаньні — шэраг эпізодаў, зьвязаных зь ягонымі паездкамі ў Беларусь і сустрэчамі з Аляксандрам Лукашэнкам.
У траўні 2021 году Яўгена Шаўчэнку выключылі з складу праўладнай фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Гэта адбылося пасьля таго, як ён у красавіку таго ж году сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У фракцыі тады заявілі, што Шаўчэнку не дэлегавалі для правядзеньня якіх-кольвек перамоваў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік выведкі Ўкраіны заявіў, што Кіеў камунікаваў з Лукашэнкам праз дэпутата Рады Шаўчэнку. З дапамогай Мікалая Лукашэнкі?- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.