Ізраіль ня можа дапусьціць, каб Іран валодаў ядзернай зброяй, — аналітык Гендэльман

Пасьля ізраільскага ўдару ў Тэгеране. 13 чэрвеня 2025 году

Ізраільскі вайсковы аналітык Давід Гендэльман аналізуе першыя вынікі ізраільскіх ўдараў па Іране, распавядае, ці жадае Ізраіль зьмяніць рэжым у Тэгеране, і тлумачыць, чаму Расея ня будзе «ўпісвацца» за Іран

Сьцісла:

  • Большасьць ізраільскага грамадзтва разумее, што ваяваць з Іранам трэба, і гатовая ісьці на пэўныя ахвяры
  • Ізраілю пажадана не злаваць Трампа, інакш ён скажа — «калі вы такія разумныя, ваюйце самі»
  • Іран можа вярнуцца да сваёй любімай тэрарыстычнай тактыкі, нападаў на ізраільскія і габрэйскія абʼекты ў розных краінах сьвету
  • У дамове аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Расеяй і Іранам ня проста так няма пункту аб ваеннай дапамозе адно аднаму ў выпадку агрэсіі


— Ці на дадзены момант можна ацаніць чыста тэхнічны і ваенны аспэкт ізраільскіх удараў па іранскіх аб’ектах? Наколькі можна меркаваць, большасьць аналітыкаў ацэньвае іх як вельмі пасьпяховыя і эфэктыўныя.

— Сапраўды, можна казаць, што апэрацыя ідзе цалкам пасьпяхова. Акрамя галоўных мішэняў — ядзерных аб’ектаў, нанесеныя ўдары па ракетных базах, аб’ектах супрацьпаветранай абароны, камандных пунктах. Асобнай графой ідуць ліквідацыя вышэйшага камандаваньня іранскага войска і Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, плюс шэрагу навукоўцаў, якія працавалі над стварэньнем іранскай ядзернай зброі.

І самае галоўнае для Ізраілю, што пакуль дастаткова пасьпяхова працуе абарона ад атакі Ірану ў адказ. На дадзены момант уся сотня бесьпілётнікаў, якая была запушчаная па тэрыторыі Ізраілю, зьбітая. І зараз мы чакаем атакі балістычных ракет.

Ясна, што гэта толькі першы этап вайны, але пакуль Ізраіль мае несумненны посьпех. Потым, зразумела, калі з Ірану паляцяць балістычныя ракеты, магчыма, перамагаць цалкам «усухую» не атрымаецца — але пакуль так.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрану

— Наколькі ізраільскае грамадзтва падтрымлівае гэтыя ваенныя акцыі супраць Ірану? Процістаяньне з Іранам — гэта для Ізраілю даволі доўгая тэма, і натуральна, што грамадзтва да гэтага гатовае. Ці ёсьць апазыцыя гэтым ударам па Іране з боку розных палітычных сілаў ці тут назіраецца пэўнае адзінства?

— Канкрэтна ў гэтай тэме апазыцыя была «за» задоўга да пачатку апэрацыі. Некаторыя палітычныя сілы, наадварот, падштурхоўвалі прэм’ера Нетаньягу да такіх удараў і абвінавачвалі яго ў нерашучасьці. І пераважная частка грамадзтва відавочна гэта падтрымлівае.

Бо тут пытаньне экзыстэнцыяльнай пагрозы для ізраільскага народу з боку Ірана, які распрацоўвае ядзерную зброю. Большасьць грамадзтва разумее, што ваяваць з Іранам трэба, і гатовая ісьці на пэўныя ахвяры. Бо стаўка занадта высокая. Дапусьціць валоданьне ядзернай зброі такім рэжымам — гэта ня тое, на што мы можам пагадзіцца.

— А якая стратэгічная мэта ўдараў Ізраілю па Іране? Толькі пазбавіць яго магчымасьці стварыць ядзерную зброю альбо больш шырока — дабіцца зьмены рэжыму аятол? Ізраіль лічыць, што калі ў Іране будзе іншы, больш сьвецкі і дэмакратычны рэжым — то паміж краінамі наступіць мір і згода?

— Канкрэтная мэта гэтай апэрацыі — ліквідацыя ядзернага праекту. Вядома ж, наносяцца ўдары і па іншых ваенных аб’ектах — гэта як «мерапрыемства забесьпячэньня».

У ідэале, вядома, Ізраіль бы хацеў, каб рэжым у Іране быў зьменены, але пакуль у гэтым напрамку Ізраіль ня дзейнічае. Ён не наносіць удараў па эканамічных аб’ектах, нафтагазавых, партах і гэтак далей. Для выжываньня іранскага рэжыму гэта было б вельмі адчувальным ударам, бо гэта непасрэдна дзейнічае на эканоміку, на ўзровень жыцьця і так далей. У Іране ўжо вельмі вялікі працэнт насельніцтва нязгодны і незадаволены ўладамі.

Прэм’ер Нетаньягу, калі аб’яўляў пра цяперашнюю апэрацыю, зьвярнуўся да іранскага народу, і заявіў, што «момант вашага вызваленьня бліжэйшы, чым калі-небудзь». Аднак чыста ў ваенным пляне дзеяньняў, накіраваных на зьвяржэньне іранскага рэжыму, пакуль няма.

— Малаімаверна, што Ізраіль мог нанесьці такі ўдар, не параіўшыся з Вашынгтонам. Адміністрацыя ЗША, напэўна, дала згоду на гэтыя ўдары, але яна ўсё ж хоча застацца ў пэўным сэнсе ўбаку ад гэтай вайны?

— Адміністрацыя Трампа, зразумела, была ў курсе, дала, як мінімум, негалоснае зялёнае сьвятло. Іх публічныя заявы накіраваныя на дыстанцыянаваньне — найперш для таго, каб амэрыканскія базы на Блізкім Усходзе не патрапілі пад іранскі ўдар.

Бо яшчэ да пачатку гэтай апэрацыі Іран пагражаў, у выпадку чаго, «жахлівым адказам» ня толькі Ізраілю, але і амэрыканскім базам на Блізкім Усходзе. Таму цяпер Злучаныя Штаты ўсімі сіламі спрабуюць сказаць, што гэта ўсё Ізраіль робіць самастойна, мы ў гэтым ня ўдзельнічаем, таму не чапайце нашы базы.

Але зразумела, што каардынацыя паміж Ізраілем і Злучаным Штатам была, бо без такой каардынацыі складана было б правесьці такую апэрацыю. Таму што раззлаваць Трампа, пайсьці супраць яго меркаваньня ў дадзеным выпадку, было для Ізраілю небясьпечна, у першую чаргу таму, што нават пасьпяховая апэрацыя аўтаматычна прыводзіць да ўзмацненьня ірана-ізраільскай вайны. Адпаведна, Ізраілю патрэбны працяг ці нават узмацненьне амэрыканскай вайсковай, палітычнай і фінансавай падтрымкі. Таму пажадана не злаваць Трампа, інакш ён скажа — калі вы такія разумныя, ваюйце самі. Відавочна, каардынацыя была, дазвол, як мінімум негалосны, быў, але ўслых Вашынгтон дыстанцуецца, бо не жадае, каб па іх прыляцела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адрэагаваў на ўдары Ізраілю па Іране: можа быць яшчэ горш, калі ня будзе ўгоды аб ядзернай зброі

— Наколькі цяпер вырасла імавернасьць пачатку даволі вялікай рэгіянальнай вайны? Ці можа Іран адказаць вельмі рэзка, падключыўшы ўсе свае сілы і сваіх «проксі» ў рэгіёне? Альбо зацятая рызыкоўная канфрантацыя з Ізраілем самому Тэгерану не патрэбная?

— Іран балянсуе. З аднаго боку, ён ня можа не адказаць, з другога боку, занадта моцна ўзьняць градус эскаляцыі небясьпечна. Бо можна дагуляцца, кажучы простымі словамі, да ўдараў па эканамічнай інфраструктуры, што для Ірану было б вельмі балюча. Таму яны спрабуюць прайсьці паміж двух агнёў.

Ірана-ізраільская вайна ня стане больш рэгіянальнай, чым яна была да гэтага часу. Бо хусіты і так ужо абстрэльваюць Ізраіль. Праіранскія злучэньні ў Іраку, магчыма, запусьцяць колькі дронаў і ракет, але гэта ня нейкія сурʼёзныя абʼёмы. «Хэзбала» (праіранская шыіцкая групоўка «Хэзбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША — Р. С. ), на якую ў свой час Іран рабіў вялікую стаўку, гадаваў яе на выпадак менавіта ізраільскага ўдару па іранскіх ядзерных абʼектах, павінна была прымяніць увесь яе велізарны ракетны патэнцыял і правесьці наземныя атакі і гэтак далей.

Але гэта была «Хэзбала» да 7 кастрычніка 2023 году. Цяпер яе сілы значна меншыя. Пакуль яе першая заява на гэтую тэму — асуджэньне Ізраілю і спачуваньне ахвярам Ірану і гэтак далей. То бок, не прагучала, што «мы зараз далучымся, будзем змагацца» і гэтак далей. Простымі словамі, на дадзены момант «Хэзбала» «зьдзьмулася».

Таму асноўны адказ чакаецца з боку Ірану. Ён не абавязкова павінен быць у выглядзе абстрэлу ракетамі і бесьпілётнікамі. Яны могуць вярнуцца да сваёй любімай тэрарыстычнай тактыкі, нападаў на ізраільскія і габрэйскія абʼекты ў розных краінах сьвету, як яны ўжо ня раз рабілі. Але пакуль найбліжэйшы адказ усё роўна чакаецца ў выглядзе запуску балістычных ракет, таму што гэта тэхнічна прасьцей за ўсё. Гэта не прыдумаць нейкую дывэрсію за мяжой, якая займае шмат часу. Калі нарэшце паляцяць балістычныя ракеты, тады паглядзім, якая будзе іх колькасьць, якая будзе ад іх шкода. Але ў любым выпадку гэта вайна ня стане больш рэгіянальнай, чым яна даўно ўжо зьяўляецца.

— Калі ж браць больш шырокі міжнародны аспэкт, то якія наступствы можа прааналізаваць? Абвастрэньне на Блізкім Усходзе паўплывае і на расейска-ўкраінскую вайну, бо, па-першае, увага туды пераключыцца на пэўны час, па-другое, павысіцца цана на нафту, што выгадна Расеі. Таксама цікава, ці будзе Расея выступаць на баку Ірану, ці будзе дапамагаць у вайсковым сэнсе. Ці зможа Іран і далей пастаўляць бесьпілётнікі ў Расею, бо самому патрэбныя, і гэтак далей?

— Натуральна, што цана на нафту аўтаматычна падскочыла, але гэта адбываецца ў выпадку любога выбуху на Блізкім Усходзе. Ці будзе гэта нейкі доўгі трэнд — шмат у чым гэта залежыць, ці будзе падчас гэтай вайны ўдар па нафтавай прамысловасьці.

Наконт паставак бесьпілётнікаў, пакуль ня факт, што Іран неяк падарваны ў пляне магчымасьці аказваць далейшую вайсковую дапамогу Расеі. Тым больш, што вялікая частка вытворчасьці тых жа «Шахедаў» у Расеі ўжо лякалізаваная. Іранскай там засталася толькі форма корпуса, усярэдзіне ўжо амаль усё альбо расейскае, альбо зьбіраецца з іншых замежных элемэнтаў.

Пакуль мы бачым толькі дыпляматычнае асуджэньне з боку Масквы. Магчыма, яны паспрабуюць перакінуць, напрыклад, нейкую колькасьць сродкаў СПА, страчаных падчас гэтых атакаў.

Трэба зазначыць, што ў дамове аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Расеяй і Іранам ня проста так няма пункту аб вайсвковай дапамогі адно аднаму ў выпадку агрэсіі. Пункту, які ёсьць у дамове паміж Расеяй і КНДР, дзе сказана менавіта, што бакі абавязваюцца адзін аднаму дапамагчы.

А ў дамове Расеі і Ірана толькі сказана, што бакі абавязваюцца не дапамагаць агрэсару. У гэтым выпадку Расея абавязваецца не дапамагаць Ізраілю і ня больш. Ня проста так аформілі дамову менавіта так, бо рызыка разгараньня вялікай вайны паміж Ізраілем, ці Ізраілем і Злучанымі Штатамі з аднаго боку і Іранам з другога, была вялікая, таму Расея зусім не зьбіралася ў гэта ўпісвацца, таму і цяпер яна ўпісвацца ня будзе.

Па чым наносіліся ўдары

  • Гарады: Тэгеран, Тэбрыз, Керманшах, Ісфахан, Шыраз.
  • Два заводы, дзе ўзбагачалі ўран, — у гарадах Нэтэнз і Форда.
  • Прынамсі шэсьць вайсковых баз у Тэгеране і ваколіцах.
  • Два жылыя комплексы вышэйшага вайсковага камандаваньня.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль падчас абвастрэньня сытуацыі з Іранам абвясьціў аб закрыцьці сваіх амбасадаў ува ўсіх краінах сьвету