Груз быў знойдзены 12 чэрвеня падчас надгляду грузавіка ў пункце пропуску Красная Горка (зь беларускага боку — Краснае) на трасе М1 у Смаленскай вобласьці РФ. Згодна з вэтэрынарным сьведчаньнем, накладной, а таксама сэртыфікатам якасьці і бясьпекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, у машыне мела знаходзіцца 20 тон замарожанага мяса і субпрадуктаў птушкі, вырабленых Гомельскай птушкафабрыкай.
Аўтамабіль з прадукцыяй арыштаваны, а «вінаватая асоба будзе прыцягнутая да адказнасьці». Пасьля праверкі нелегальна ўвезены груз, як сьцьвярджаецца, «трапіць пад зьнішчэньне як прадукцыя невядомага паходжаньня».
«Да высьвятленьня ўсіх абставін будуць прыпыненыя пастаўкі ў Расею мясапрадукцыі з Гомельскай птушкафабрыкі», — гаворыцца ў паведамленьні.
- 31 траўня «Рассельгаснагляд» не прапусьціў у РФ тры партыі беларускай малочнай прадукцыі агульнай вагой 3,9 т. Заяўлялася, што масла і стэрылізаванае малако везьлі без «суправаджальных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць бясьпеку і паходжаньне тавараў».
- 20 траўня паведамлялася, што супрацоўнікі ўправы «Рассельгаснагляду» ў Бранскай, Смаленскай і Калускай вобласьцях перадухілілі нелегальныя пастаўкі ў Расею мясных і малочных прадуктаў зь Беларусі.
- Паводле інфармацыі ведамства, ад пачатку году ў Беларусь вернута больш за 10 т рознай жывёлагадоўчай прадукцыі.
- 6 траўня паведамлялі пра затрыманьне ў Пскоўскай вобласьці 1,8 т гатовай мясной прадукцыі — сардэлек зь цяляцінай, якія зь Беларусі ў РФ перавозілі з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных правілаў.
- 21 красавіка ў гэтым жа рэгіёне спынілі фуру, якая ехала зь Беларусі, у якой знаходзілася больш за 20 тон аўстралійскай сэрыёлы (разам зь некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад зборнай назвай «масьляная рыба»), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зэляндыі.
- 20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Згодна з дакумэнтамі, у грузавіку меліся быць ванільныя сушкі.
- 6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу зь Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэньне патрабаваньняў транспартаваньня рыбнай прадукцыі было зафіксавана гомельскімі мытнікамі «пры правядзеньні адмысловых захадаў паблізу беларуска-расейскага ўчастку мяжы».