Антыманапольныя органы прайшлі па лазьнях. У 55% выявілі парушэньні

Лазьня, ілюстрацыйная выява

За красавік-чэрвень Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) сумесна з аблвыканкамамі правяло маніторынг звыш 90 аб’ектаў лазьневых комплексаў, лазьняў і саунаў па ўсёй краіне.

Вынікі рэйдаў прынесьлі рэвізорам плён. У 55% аб’ектах выкрытыя парушэньні заканадаўства.

Як паведамляе прэс-служба міністэрства, найбольш характэрныя — не давядзеньне да спажыўца бытавых паслуг інфармацыі, прадугледжанай законамі.

Асобна вылучаны інцыдэнт у лазні агульнага карыстаньня Веткі і Віцебска. У першай са спажыўцоў спаганялі плату за мыцьцё аднаго чалавека вышэй за вызначаную мяжу — замест дапушчальных 4,50 рублёў прасілі 5,50 рублёў.

У Віцебску ў лазьні ТАА „Карона Трэйд“ тарыфы перавышалі дапушчальныя амаль удвая: за 2 гадзіны наведваньня прасілі 16 рублёў замест дазволеных 8 рублёў, а за душавыя паслугі — 11 рублёў замест 7,5 рублёў.

Адносна парушальнікаў ужо прынялі меры: ім выдалі прадпісаньні аб устараненьні парушэньняў і прывядзеньні тарыфаў у адпаведнасьць з заканадаўствам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалію» вынесьлі папярэджаньне за парушэньне антыманапольнага заканадаўства


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая бабуля скаціну лепшай карміла». Як выглядае бульба, якую зараз прадаюць у беларускіх крамах. Фота