Ізраіль атакаваў іранскі падземны завод узбагачэньня ўрану ў Фардо

На тэрыторыі заводу ў Фардо, архіўнае фота 2019 году.

Ізраіль нанёс два ўдары па іранскім падземным заводзе для ўзбагачэньня ўрану ў Фардо. Іранскія СМІ сьцьвярджаюць, што сродкі СПА зьбілі ў гэтым раёне ізраільскі бесьпілётнік.

Акрамя таго, іранскія СМІ паведамляюць аб новых выбухах у Тэгеране, Тэбрызе, Куме і Ісфагане.

ВПС Ізраілю працягваюць атакаваць ракетныя пускавыя ўстаноўкі і інфраструктуру для запуску дронаў у Іране, заявіла прэс-служба ізраільскага войска.

Раней паведамлялі пра ізраільскую атаку на іранскі ядзерны аб’ект у Натанзе.

«Узроўні радыяцыі за межамі аб’екту ў Натанзе засталіся нязьменнымі. Тып радыяактыўнага забруджаньня ўнутры аб’екту, у асноўным альфа-часьцінкі, можна кантраляваць з дапамогай адпаведных ахоўных мераў», — гаворыцца ў заяве МАГАТЭ.

Ізраільская авіяцыя нанесла ўдары па Іране ў ноч на 13 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрану

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ў відэазвароце заявіў, што іранская ядзерная праграма нясе «відавочную простую пагрозу выжываньню Ізраілю».

Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі адрэагаваў абяцаньнем «суровага пакараньня» Ізраілю.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не турбуецца з прычыны магчымага пачатку рэгіянальнай вайны на Блізкім Усходзе.

Трамп адзначыў, што сустрэча амэрыканскіх прадстаўнікоў з афіцыйнымі асобамі Ісламскай Рэспублікі ў нядзелю, 15 чэрвеня, па-ранейшаму плянуецца. «Ірану яшчэ ня позна заключыць угоду, але ня ўпэўнены, што яна адбудзецца», — заявіў Трамп.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль падчас абвастрэньня сытуацыі з Іранам абвясьціў аб закрыцьці сваіх амбасадаў ува ўсіх краінах сьвету