Праваабаронца Кісьляк просіць распачаць крымінальную справу за адмовы ў прытулку беларусам у Грузіі

Раман Кісьляк

У сувязі з масавымі адмовамі ў наданьні грамадзянам Беларусі прытулку ў Грузіі беларускі праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся да генэральнага пракурора і народнага абаронцы (амбудсмэна) гэтай каўкаскай краіны

У звароце да генэральнага пракурора праваабаронца пазначыў, што лічыць «практыку адмовы ў наданьні статусу ўцекача Міністэрствам унутраных справаў Грузіі ўсім грамадзянам Беларусі дыскрымінацыяй паводле прыкметы нацыянальнага паходжаньня і злачынствам, прадугледжаным артыкулам 1421 Крымінальнага кодэксу Грузіі (расавая дыскрымінацыя)».

Кісьляк просіць «правесьці праверку фактаў адмовы грамадзянам Беларусі ў наданьні прытулку», а таксама «завесьці і расьсьледаваць крымінальную справу» і «прыняць меры для спыненьня практыкі расавай дыскрымінацыі беларусаў у пытаньні атрыманьня статусу ўцекача».

«МУС і Дэпартамэнт міграцыі адмаўляюць усім беларусам у статусе ўцекачоў. Гэта мае масавы характар. На ўсе звароты ідуць адмовы», — канстатаваў Кісьляк ў размове з «Позіркам».

«Мы быццам бы нябачныя. Нашых праблемаў не заўважаюць. Нам усім адмаўляюць. Мы лічым гэта дыскрымінацыяй. Ёсьць злачынства, хай пракуратура расьсьледуе, Офіс народнага абаронцы займаецца», — кажа праваабаронца, які жыве ў Грузіі.

26 сакавіка 2025 году суд у Тбілісі часткова задаволіў скаргу Рамана Кісьляка на адмову яму ў прытулку. Суд скасаваў рашэньне міграцыйнага дэпартамэнту Грузіі аб адмове Кісьляку ў прытулку.

У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданьні прытулку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратрымалі паўтары гадзіны, далі паперу па-грузінску». Гісторыя яшчэ аднаго беларуса, якога не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарана»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2019-2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларусаў аб наданьні прытулку, адхілена 56 заяваў