Праз сто гадоў у Вільні зьявіўся новы «Золак»

Адкрыцьцё беларускай пратсоры «Золак» у Вільні. Зь першай лекцыяй выступае Петар Мркелаў.

14 чэрвеня ў Вільні афіцыйна запрацавала яшчэ адна культурніцкая прастора для беларусаў.

У суботу праца прасторы «Золак» пачалася з урачыстага адкрыцьця і танцаў, працягнулася лекцыяй пра біткойны, гістарычным квізам і праглядам новага анімацыйнага фільму, а завяршылася канцэртам беларускіх музыкаў.

Такая праграма дае магчымасьць уявіць, чым «Золак» будзе займацца штодня, але ў розных фарматах. Тут будуць праходзіць вечарыны і канцэрты, наведнікі змогуць здабываць новыя веды і карысныя навыкі, гуляць у інтэлектуальныя гульні, знаёміцца з карцінамі беларускіх мастакоў, слухаць музыку і абмяркоўваць навінкі кіно і літаратуры. Дзеля гэтага «Золак» прапануе ня толькі 150 квадратных мэтраў сваёй плошчы, але і тэхнічныя магчымасьці: гукавую і асьвятляльную апаратуру, інструмэнты і адмысловыя прылады.

Прыемны час, прысьвечаны камунікацыі з цікавымі людзьмі можна будзе працягнуць адпачынкам ва ўтульнай, хоць і невялічкай лазьні.

«Золак» — прыватная ўстанова, якая будзе фінансавацца за кошт унёскаў рэзыдэнтаў і данаты. Таксама прастора прапануе наведнікам арэнду сваіх плошчаў пад прыватныя мерапрыемствы. Сузаснавальнікі «Золку» — вядомыя сярод віленскіх беларусаў актывіст Пётар Маркелаў, фатограф Сяргей Гудзілін і пісьменьніца Аліна Нагорная.

Адкрыцьцё беларускай пратсоры «Золак» у Вільні. Цяпер такія праграмы будуць складацца штодня.

Аліна Нагорная прызнаецца, што гэта яна прыдумала назву для прасторы. Знайшла гэтую назву сярод ўстановаў Вільні стогадавай даўніны і захапілася прыгажосьцю і сымбалізмам беларускага слова. Сама Аліна са Слуцку, там пачала пісаць дзіцячыя кніжкі і працягвае займацца літаратурай у Вільні, а на новай прасторы плянуе арганізаваць літаратурны клюб. У размове са Свабодай Аліна гэтак фармулюе мэты прасторы:

«Тут будуць зьбірацца людзі, аб’яднаныя такімі каштоўнасьцямі як: свабода, творчасьць, Беларусь. Мы хочам мець пляцоўку для рэалізацыі нашых ідэяў, дапамагаць нараджаць і рэалізоўваць ідэі іншым людзям. Мы хочам, каб тут адбываліся дыскусіі, была магчымасьць абменьвацца думкамі, а ня толькі танчыць ці адпачываць. І гэта прастора ня толькі для беларусаў. Мы чакаем у госьці літоўцаў, украінцаў, любых цікавых людзей», — кажа Аліна Нагорная.

Паводле актывіста Пятра Маркелава «Золак» ў розных фарматах будзе адкрыты для наведнікаў цягам усяго тыдня.

Адрас прасторы Vinenio g.50D. Знайсьці яе лепш праз Paneriu g. 37, на тэрыторыі былога заводу ELFA.