Авіякампанія Flydubai на тле абвастрэньня сытуацыі паміж Ізраілем і Іранам скасавала рэйсы ў Менск

Цэнтар горада Дубай, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Архіўнае фота

Кампанія Белавія ад выкананьня рэйсаў не адмовілася.

Дзяржаўная авіякампанія Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Flydubai рэйсы ў Менск і зь Менску, якія мусілі адбыцца 15 чэрвеня.

Як вынікае з сайту Нацыянальнага аэрапорту «Менск», скасаваны рэйс зь Менску ў Дубай — самалёт мусіў вылецець а 0.30, а таксама з горада Дубай у беларускую сталіцу, які плянаваўся на 23.30.

Адпаведныя рэйсы кампаніі, заплянаваныя на 16 чэрвеня, пакуль ёсьць у раскладзе палётаў.

У той жа час цяпер самалёт Белавія выконвае рэйс у Дубай праз Ташкент — Boeing 737-800 вылецеў зь Менску а 5.25.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і Іран правялі новыя ўзаемныя атакі, емэнскія хусіты далучыліся да баявых дзеяньняў на баку Тэгерану


  • У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраіля атакавалі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірану — для нанясеньня крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесены кропкавыя ўдары па вайковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненьне да разьвіцьця іранскай ядзернай праграмы.
  • У адказ Іран запусьціў у бок Ізраілю бесьпілётныя лятальныя апараты (паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, усе былі перахопленыя), а затым атакаваў балістычнымі ракетамі.
  • У ноч на 14 і 15 чэрвеня абмен ударамі працягваўся.
  • Паводле ўладаў Ірану, у першы дзень ізраільскай кампаніі там загінулі 78 чалавек, а ў другі — яшчэ больш, у тым ліку 60, калі ракета абваліла 14-павярховы жылы дом у Тэгеране, дзе 29 загінулых былі дзецьмі.
  • Паводле ізраільскіх уладаў, у выніку ўдараў Ірана ў ноч на 15 чэрвеня загінулі сама меней 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, і больш за 140 атрымалі раненьні ў выніку ракет, што трапілі ў жылыя будынкі на поўначы і ў цэнтры Ізраіля.