У G7 уваходзяць Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія.
Перад выездам з Вашынгтону на саміт 15 чэрвеня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыталі, якія крокі ён робіць для дээскаляцыі канфлікту паміж Ізраілем і Іранам.
«Я спадзяюся, што будзе дамова. Я думаю, што настаў час для дамовы. Але часам ім даводзіцца змагацца за яе», — адказаў ён.
Трамп адпрэчыў абвінавачваньні Ірану ў тым, што Злучаныя Штаты бралі ўдзел у ізраільскай атацы, і перасьцярог Тэгеран ад удараў па амэрыканскіх аб’ектах у рэгіёне.
Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен падкрэсьліла, што дыпляматыя — найлепшы шлях вырашэньня канфлікту.
У сваёй прамове на прэс-брыфінгу G7 яна ўсклала віну за новы віток гвалту на Іран, спасылаючыся на высновы МАГАТЭ пра невыкананьне Іранам сваіх ядзерных абавязаньняў.
«У гэтым кантэксьце Ізраіль мае права абараняцца. Іран ёсьць галоўнаю крыніцаю рэгіянальнай нестабільнасьці», — заявіла Фон дэр Ляен.
Яна таксама зьвярнула ўвагу на сувязь паміж крызісамі ў Ізраілі і Ўкраіне, адзначыўшы, што іранскія бесьпілётнікі і балістычныя ракеты бʼюць па гарадах ва Ўкраіне і Ізраілі. «Таму гэтыя пагрозы трэба вырашаць разам», — падсумавала яна.
Урзуля фон дэр Ляен пасьля прыбыцьця ў Канаду на саміт «Вялікай сямёркі»
Напружанасьць на Блізкім Усходзе значна ўзрасла пасьля ізраільскіх удараў 13 чэрвеня па Іране з мэтай перадухіліць распрацоўку Іранам ядзернай зброі. Падчас іх, паводле ізраільскіх крыніц, былі забітыя высокапастаўленыя камандзіры і навукоўцы.
Паводле Міністэрства аховы здароўя Ірану, 224 чалавекі загінулі і 1277 трапілі ў шпіталі, прычым больш за 90% пацярпелых цывільныя.
Ізраільскія ўлады паведамілі пра гібель ня менш як 10 чалавек, у тым ліку дзяцей.
Пры гэтай эскаляцыі зьявіліся асьцярогі, што канфлікт можа распаўсюдзіцца на ўвесь Блізкі Ўсход.
Іранскі міністар замежных справаў Абас Аракчы заявіў, што далейшыя ядзерныя перамовы са Злучанымі Штатамі будуць неапраўданымі, а прадстаўнік Іранскай рэвалюцыйнай гвардыі Эсмаіль Кусары адзначыў, што Тэгеран разглядае магчымасьць закрыцьця Армускай пратокі, аднаго з найважнейшых суднаходных маршрутаў у сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і Іран правялі новыя ўзаемныя атакі, емэнскія хусіты далучыліся да баявых дзеяньняў на баку Тэгерану