У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб вяртаньні на ўкраінскую тэрыторыю целы 1245 загінулых вайскоўцаў.
«Ва Ўкраіну вярнулі яшчэ 1 245 целаў, якія паводле сьцьвярджэньня расейскага боку належаць украінскім грамадзянам, у прыватнасьці, вайскоўцам. Такім чынам, Украіна атрымала 6057 целаў у межах Стамбульскіх дамоўленасьцяў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У той жа час Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб перадачы Ўкраіне 1248 целаў і вяртаньні цел 51 свайго вайскоўца. Усяго ў часе апошніх абменаў Расея атрымала целы 78 загінулых.
«Гатовы на цяперашнім этапе перадаць яшчэ 2239 целаў загінулых вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны», — адзначылі ў Мінабароны Расеі.
Памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі паведаміў, што працягваецца і абмен палоннымі. «Наладзілі тэрміновыя санітарныя перадачы цяжкапараненых зь лініі фронту», — падкрэсьліў ён.
Абмены адбываюцца пры спрыяньні Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Расея з пачатку чэрвеня атакавала Ўкраіну амаль 3 тысячамі дронаў2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся аб абменах палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч цел украінскіх вайскоўцаў.
Першыя 1212 целаў былі дастаўлены да пункту абмену 7 чэрвеня. Расейскі бок тады заявіў, што Ўкраіна насуперак дамоўленасьцям ня стала іх прымаць. Украінскі бок адпрэчыў гэта, заявіўшы, што абмен першапачаткова плянаваўся пазьней. Празь некалькі дзён ён сапраўды адбыўся. Расея атрымала 27 целаў сваіх вайскоўцаў.