«Пэрсікі не растуць. Агуркі ападаюць. Рака атручаная». Як Кітай здабывае карысныя выкапні ў Сэрбіі і Таджыкістане

Жыхары з ваколіц Зарафшонскай залатой рудні абвінавачваюць таджыцкую ўладу ў тым, што яна заплюшчвае вочы на забруджваньне паветра, глебы і вады

Людзі, якія жывуць побач з шахтамі, што належаць кітайцам ў Сэрбіі і Таджыкістане, сутыкаюцца з аднолькавай пагрозай: атручанае паветра, дэградацыя сельскагаспадарчых палеткаў і брак сродкаў праўнай абароны. У той жа час іхныя ўрады паглыбляюць сувязі з Пэкінам, пішуць Балканская і Таджыцкая службы Радыё Свабода.

Паколькі абедзьве краіны прымаюць кітайскія інвэстыцыі ў рамках пэкінскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», сяляне кажуць, што яны плацяць экалягічную цану, але кампанія «Цзыцзінь» адкідае гэтыя абвінавачваньні.

«Гэты пах б’е ў нос, галава круціцца. Гэта атрута», — кажа Асадула Рахмонаў з Хумгарону, што ў Таджыкістане.

«З такім пылам немагчыма вырасьціць нешта здаровае», — дадае Мілаш Божыч з Крывэлю ў Сэрбіі.

Кампанія «Цзыцзінь» кіруе меднай рудняй у Сэрбіі і залатой рудняй у Таджыкістане. На абодва абʼекты скардзяцца жыхары прылеглых раёнаў, якія сьцьвярджаюць, што абяцаных перасяленьнящ і ачысткі так і не было.

«Прадаць сваю маёмасьць? Што я мушу рабіць — прадаць сваю годнасьць?» — пытаецца Драгаслаў Станкулавіч, кіраўнік мясцовай рады ў Крывэлі, Сэрбія, адкуль большасьць людзей, што мелі там гаспадаркі, ужо выехалі.

Зь сьнежня 2018 году мажарытарны пакет акцыяў былой дзяржаўнай горназдабыўной кампаніі належыць кітайскай кампаніі «Цзыцзінь», якая цяпер працуе пад назвай Serbia Zijin Copper

У 2018 годзе кампанія «Цзыцзінь» набыла былы дзяржаўны горназдабыўны басэйн у Сэрбіі, а ў 2021 годзе пачала працу на новай, цалкам кітайскай шахце Čukaru Peki. З таго часу мясцовыя жыхары і экспэрты папярэджваюць аб усё горшым забруджваньні. Кампанія заяўляе, што выдаткавала $259 млн на паляпшэньне стану навакольнага асяродзьдзя, у тым ліку на зьмяншэньне выкідаў дыяксыду серкі. Але таксычныя часьцінкі застаюцца.

«Цьвёрдыя часьцінкі і аршэнік усё яшчэ ёсьць, — кажа Снэжана Шэрбула, прафэсарка тэхнічнага факультэту ў горадзе Бор. — Жыхары Бору дыхаюць імі штодня».

Маніторынгі якасьці паветра паказваюць, што праблема ня зьнікла.

«Раней вы бачылі дым, — кажа Віялета, жыхарка Бору. — Цяпер яго не відаць, але пахне жудасна».

Нягледзячы на грамадзкі розгалас, сэрбскі ўрад абараняе «Цзыцзінь». Да 2024 году кітайскія фірмы сталі найбуйнейшымі экспартэрамі Сэрбіі, зарабіўшы больш за 1 мільярд даляраў.

«Якая карысьць ад грошай, калі ты траціш здароўе?» — пытаецца жыхарка Бору Ўлада.

Актывіст Дэян Лазар называе «агрэсіўнай здабычай» сытуацыю, калі думка мясцовых жыхароў застаецца па-за ўвагай.

«Горад быў пабудаваны вакол шахты. Ніхто ня супраць здабычы карысных выкапняў. Але гэта нерацыянальна», — адзначае ён.

Іншыя, як Міодраг Жыўкавіч, кажуць, што іх выціснулі зь іхнай зямлі, не пакінуўшы ім ніякіх сродкаў праўнай абароны.

«Гэтая зямля была маім сродкам для існаваньня, — заўважае ён. — Цяпер я жыву на пэнсію ў 200 эўра. Вы скажыце мне, як».

«Цзыцзінь» сьцьвярджае, што 98% зямлі ў гэтым раёне было набыта на добраахвотнай аснове, а рэшта экспрапрыяваная паводле законных працэдураў. Кампанія настойвае на тым, што распрацоўвае першую ў Сэрбіі «зялёную шахту» з захаваньнем прыродаахоўнага заканадаўства.

Шахта, што належыць кітайскай фірме Serbia Zijin Copper, 14 лютага 2024 году

У Таджыкістане «Цзыцзінь» валодае 70% залатаруднага радовішча Зарафшон.

«Уранку вёску накрывае густы дым, — расказвае Абуталіб Мухтораў з Шынгу. — Дыхаць немагчыма».

«Цзыцзінь» ня раз штрафавалі, але кампанію падтрымліваюць таджыцкія ўлады, якія падкрэсьліваюць, што кампанія плаціць вялікія падаткі ў бюджэт. Тым часам крытыкі паведамляюць пра застрашваньні, сачэньне і затрыманьні актывістаў паліцыяй.

Людзі, якія не баяцца выказвацца, рызыкуюць свабодай. У 2023 годзе затрымалі групу жанчын, якія прыехалі ў Панджакент на пратэст.

«Мы пыталіся, якое злачынства мы ўчынілі. Яны зьдзекаваліся з нас, — успамінае Фіруза Кагорава. — Калі я страціла прытомнасьць, яны сказалі: „Не давайце ёй вады, дайце ёй гразі“».

«Цзыцзінь» сьцьвярджае, што працуе легальна і плянуе здабываць карысныя выкапні ў Таджыкістане яшчэ 20 гадоў.

У абедзьвюх краінах улады вітаюць кітайскую кампанію як рухавік эканамічнага росту, нават нягледзячы на тое, што выдаткі на ахову навакольнага асяродзьдзя растуць.

«Пэрсікі не растуць. Агуркі ападаюць. Рака атручаная», — кажа Асадула Рахмонаў.

Тым, хто жыве ў «цені» кампаніі, экспансія «Цзыцзіню» нясе ня росквіт, а пыл і неабходнасьць змагацца за сваю будучыню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатура і БелАЭС. Як улады ў Беларусі шкодзяць людзям і прыродзе праз атамную станцыю