Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволенай Вікторыі Кульшы зноў дадалі яшчэ адзін год за кратамі


Вікторыя Кульша, архіўнае фота
Вікторыя Кульша, архіўнае фота

Вікторыю Кульшу чацьвёрты раз судзілі паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». Суд над палітзьняволенай адбыўся ў Сьветлагорску 11 чэрвеня.

Жанчыне прысудзілі яшчэ год зьняволеньня ў дадатак да першага тэрміну ў 2,5 году, які яна атрымала ў 2021 годзе, і да 3 гадоў, прысуджаных пазьней.

На працэсе выступілі трое сьведак — супрацоўнікі жаночай калёніі № 24, дзе трымаюць Вікторыю Кульшу. Пракурор запрасіў для яе год калёніі. Вікторыя Кульша не прызнала віны.

Інфармацыю пра Вікторыю Кульшу Свабодзе паведаміла былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая спасылаецца на дасьведчаныя крыніцы ў Беларусі.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, з канца красавіка Вікторыя Кульша трымала бестэрміновую галадоўку, ужо шостую за час зьняволеньня. Таксама ад Паліны Шарэнды-Панасюк пасьля яе выхаду на волю ў пачатку лютага стала вядома пра вельмі дрэнны стан здароўя Вікторыі Кульшы.

Вядома, што Вікторыя Кульша мусіла па заканчэньні тэрміну выйсьці на волю сёлета ў красавіку, але ў пачатку красавіка яе перавялі ў гомельскі СІЗА, дзе трымалі падчас сьледзтва ў чацьвёртай крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 411 КК.

Бюро Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю 30 красавіка распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед актывісткі і неадкладна даць ёй доступ да патрэбнай мэдычнай дапамогі. Тады ж Эўрапейскі Парлямэнт заклікаў Эўразьвяз накласьці адрасныя санкцыі на асобаў, адказных за перасьлед Вікторыі Кульшы.

Зьвестак пра цяперашні стан здароўя Вікторыі Кульшы няма.

Вікторыі Кульшы 43 гады, яна зь Менску, працавала інжынэрам аховы працы. 4 лістапада 2020 году Кульшу затрымалі за тое, што яна адміністравала тэлеграм-чат «Кіроўцы 97% Менск». У лютым 2021 году Вікторыю асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») на 2,5 году калёніі і накіравалі ў гомельскую жаночую калёнію № 4. Пасьля першага суду паводле 411-га артыкулу ў 2022 годзе Вікторыю Кульшу перавялі ў калёнію № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG