У прэс-рэлізе ініцыятывы сьцьвярджаецца, што гэта адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі.
«Жазло кіравання» («Жезлъ правленіѧ») было надрукаванае ў Маскве ў 1667-ым годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага" — пішуць удзельнікі ініцыятывы.
«Асветнік Сімяон Полацкі — постаць агульнаэўрапейскага маштабу і адна з самых яркіх асоб у гісторыі Ўсходняй Эўропы ў XVII ст. Шмат у чым ягонае жыцьцё і творчасьць (у тым ліку кніга „Жазло кіраваньня“) адлюстроўваюць культурную спэцыфіку Беларусі як эўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасьцю і гістарычнай спадчынай, якая склалася ў выніку сынтэзу традыцый і ўплываў Захаду і Усходу» — кажа кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч.
Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасьці грамадзкага падарунку. Да вяртаньня ў Полацак кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.
Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS, наступным чынам пракамэнтаваў чарговы набытак ініцыятывы:
«Кніга „Жазло кіраваньня“ зьяўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. Нашы продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфэсійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала. „Жазло кіраваньня“ лічыцца першым значным палемічным творам у расейскай гісторыі».
Хто такі Сімяон Полацкі
Сапраўднае імя Сімяона Полацкага — Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч. Нарадзіўся ў Полацку ў 1629 годзе, паходзіў з купецкай сям’і. У архіўных сьпісах двароў палачан род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі.
Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, пасьля ў Віленскай езуіцкай акадэміі.
Апрача роднай беларускай мовы Сімяон Полацкі дасканала валодаў лацінскай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі. Пісаў на ўсіх чатырох мовах вершы, прамовы, пропаведзі, навуковыя працы. Карыстаўся як кірыліцай, так і лацінкай. Ёсьць падставы меркаваць, што ён быў чальцом уніяцкага ордэна базыльянаў, бо сам так падпісваўся.
Зьяўленьне на сьвет «Жазла кіраваньня» адбылося падчас жыцьця Сімяона ў Маскве, куды ён пераехаў з Полацку блізу 1664-га году. У Маскоўскім царстве ён дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асьветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, настаўнік дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча.
«Жазло кіраваньня» было створанае на падставе даручэньня двух патрыярхаў — Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сімяон Полацкі суправаджаў падчас царкоўнага сабору 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасьці сакратара і перакладчыка.
Ініцыятыва Maldzis была заснаваная ў верасьні 2024 году і атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя беларускія каштоўнасьці і імёны. Ініцыятыва бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол нацыянальнай тоеснасьці і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай нацыі.
Ініцыятыва стварэньня праекту MALDZIS належыць былому дыплямату і часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацукевічу. У сваёй колішняй дыпляматычнай працы ён займаўся акурат падобнымі справамі.
MALDZIS бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай краіны, гаворыцца на афіцыйнай старонцы ініцыятывы.
Раней ініцыятыва ўжо выкупіла Статут ВКЛ на польскай мове, які выйшаў у сьвет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693-м паводле рэдакцыі 1648 году, створанай у Варшаве, а таксама Радзівілаўскую мапу, надрукаваную ў Амстэрдаме ў 1631 годзе.
Форум