Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура ў Менску зацікавілася арандатарамі гістарычных будынкаў. Але зь якой мэтай?


Верхні горад у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота 2017 году.
Верхні горад у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота 2017 году.

Больш за 200 сталічных арганізацый займаліся бізнэсам у помніках архітэктуры і не адлічвалі працэнт прыбытку ў фонд Аляксандра Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва.

Генэральная пракуратура запатрабавала ліквідаваць парушэньні ў сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры выплаце абавязковых плацяжоў, піша выданьне «Зеркало».

У Фонд Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва трэба штогод адлічваць працэнт ад прыбытку (пры яго наяўнасьці), калі фізычная асоба, юрыдычная асоба ці ІП вядзе «прадпрымальніцкую дзейнасьць, якая аказвае непасрэднае ўзьдзеяньне на помнікі архітэктуры і зоны іх аховы».

Праверка Генпракуратуры паказала, што з такімі адлічэньнямі ёсьць сыстэмныя парушэньні, якія «сталі магчымыя з прычыны неналежнага кантролю з боку Міністэрства культуры і мясцовых выканкамаў».

Асобныя сучасныя аб’екты, пабудаваныя ў зонах аховы будынкаў і на тэрыторыі гістарычнай часткі Менску, зусім не былі ахоплены сыстэмай абавязковых плацяжоў.

Усяго ў Менску заключана каля 650 дамоваў арэнды памяшканьняў з суб’ектамі гаспадараньня, якія знаходзяцца ў помніках архітэктуры.

Шэраг арганізацый прынізіў памер выплат або зусім пры наяўнасьці прыбытку па выніках 2024 году праінфармаваў аб яго адсутнасьці, піша Генпракуратура. Акрамя таго, выяўлены «недахопы і прававога рэгуляваньня, якія дазвалялі ўхіляцца ад выплаты абавязковых плацяжоў».

У выніку намесьнік генпракурора ўнёс міністру культуры прадстаўленьне, у якім запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэньні. Разгляд акту нагляду ўзяты на кантроль.

Пры гэтым у Беларусі рэгулярна адбываюцца зносы гістарычных будынкаў, на якія пракуратура ніяк не рэагуе. Апошні прыклад — знос у рамках падрыхтоўкі да Дажынк трох будынкаў у Заслаўі, якія знаходзіліся ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

  • 29 траўня выданне «Заславль Инфо» апублікавала відэаролік, зьняты чытачом, у якім экскаватар зносіць драўляны будынак на вуліцы Савецкай, 45. Дом пабудаваны ў 1927 годзе каля чыгуначнай станцыі «Беларусь», першай станцыі на тэрыторыі БССР, куды прыбывалі цягнікі з тагачаснай Польшчы. Гэты дом у 1994 годзе быў узяты пад ахову як помнік гісторыі і культуры, у 2007 годзе перанесены ў створаны тады Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. А ў 2014 годзе таемным чынам быў пазбаўлены той аховы — Заслаўе тады рыхтавалася да Дня беларускага пісьменства.
  • У лютым і сакавіку 2025-га ў гістарычным цэнтры Заслаўя былі зьнішчаныя два драўляныя будынкі пачатку XX стагодзьдзя на рагу Савецкай і Паштовай вуліц. Крама 1912–1914 гадоў пабудовы на вуліцы Савецкай, 34 і карчма 1911–1914 гадоў на Савецкай, 36.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG