Сьцісла:
- Дэфіцыт бульбы ў крамах выклікаў моцны грамадзкі розгалас. Лукашэнка гэта разумее і спрабуе апраўдацца.
- Ён доўга і настойліва даказвае слушнасьць палітыкі кантролю над цэнамі.
- Паводле Лукашэнкі, у дэфіцыце бульбы вінаватыя ЗША, апазыцыя, чыноўнікі і бізнэсоўцы.
Аляксандар Лукашэнка зноў згадаў пра бульбу. Бо тэма вельмі гарачая. Пытаньне ўжо выйшла на міжнародны ўзровень, нават расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін зьдзівіўся, што бульба ў Беларусі стала дэфіцытам.
Цяпер праблема не ў рэальным дэфіцыце (бульба ўжо ёсьць у крамах), а ў грамадзкім рэзанансе. Гэта як жа трэба дакіравацца, каб у традыцыйна бульбяным краі зьявіўся недахоп такога стратэгічнага прадукту! Лукашэнка адчувае ўвесь схаваны падтэкст гэтай праблемы, людзкі розгалас. Таму спрабуе апраўдацца, зноў і зноў вяртаецца да гэтай тэмы з кожнай нагоды.
10 чэрвеня на «Беларусьфільме», абмяркоўваючы пытаньні кіно, кіраўнік дзяржавы раптам загаварыў пра бульбу. 12 чэрвеня падчас нарады з супрацоўнікамі ўласнай адміністрацыі Лукашэнка зноў вялікую частку свайго выступу прысьвяціў гэтаму пытаньню.
Рэч у тым, што пасьля 2020 году Лукашэнка псыхалягічна больш балюча ўспрымае якія-хаця сацыяльныя праблемы. Бо сэнс ягонага пасланьня беларусам прыкладна такі. Давялося пайсьці на жорсткія захады, каб навесьці парадак, затое і вынік атрымаўся добры. Няхай сабе і дыктатура, але ж эфэктыўная.
Таму усякія непаладкі ў сыстэме ён успрымае хваравіта. А яны ўвесь час здараюцца. То выявіўся недахоп працоўных рэсурсаў, даводзіцца прыцягваць іншаземцаў, што выклікае нэгатыўную рэакцыю абывацеляў. Вось жа моцна зачапіла людзей гісторыя пра 150 тысяч пакістанцаў. Таму Лукашэнка пэрыядычна ўзгадвае гэтую тэму, каб апраўдацца. А вось цяпер бульба раптам стала прадметам розгаласу і кпінаў.
Схема апраўданьня за дэфіцыт бульбы, прыдуманая і прэзэнтаваная Лукашэнкам на нарадзе з адміністрацыяй 12 чэрвеня, немудрагелістая. Усе незалежныя эканамісты і мэдыя дружна паказалі пальцам менавіта на яго. Яны адзначылі, што зьнікненьне бульбы з крамаў ёсьць простым наступствам палітыкі кантролю над цэнамі, якую настойліва рэалізоўвалі з падачы Лукашэнкі.
Таму ён доўга і настойліва спрабаваў даказваць слушнасьць такой палітыкі. Маўляў, нядобрасумленныя бізнэсоўцы «накручваюць» цэны ў гандлі ў 2-3 разы, адбываецца «шалёны, бескантрольны» рост цэнаў, і гэтыя «буржуі» атрымоўваюць 78 тысяч рублёў у месяц. А «працаўнікі ў гэтых гандлёвых сетках — касіры, грузчыкі і іншыя — атрымлівалі зусім невялікія заробкі», што несправядліва. «І людзі, напэўна, гэта разумеюць і падтрымліваюць» палітыку кантролю цэнаў. Такім чынам, даводзіць Лукашэнка, ён усё рабіў правільна, у інтарэсах людзей. Увогуле, у правадыра памылак быць ня можа паводле вызначэньня.
А хто ж тады вінаваты ў дэфіцыце бульбы? Вінаватых шмат.
Па-першае, ЗША. «Гэта амэрыканская схема, падкінутая нам», — даводзіць Лукашэнка. Як можна зразумець, схема свабоднага рынкавага цэнаўтварэньня.
Па-другое, вядома ж, апазыцыя. «Апанэнты часта спэцыяльна раскручваюць тую ці іншую тэму», — кажа Лукашэнка. Толькі не зусім зразумела, апазыцыя спрычынілася да зьнікненьня бульбы з крамаў ці яна вінаватая толькі ў тым, што гаворыць пра гэтую праблему?
Па-трэцяе, чыноўнікі. «Я з губэрнатарамі разьбяруся і з вамі таксама», — паабяцаў Лукашэнка.
Па-чацьвёртае, і гэта самае галоўнае. Лукашэнка выкрыў цэлую бульбяную змову. Як часта зь ім бывае, ён сам сябе зьняпраўдзіў, дэзавуяваў сваю ж выснову. Спачатку Лукашэнка прызнаў факт рэальнага дэфіцыту бульбы, нават назваў гэтую сытуацыю «ганьбаю поўнаю».
А потым заявіў, што насамрэч бульбы хапае, а штучны дэфіцыт стварылі ворагі. Лукашэнка кажа: «Пачалі разьбірацца — з буйнымі сеткамі. Прыходзіць, а там бульбы дзяваць няма куды. Яна ў іх ляжыць на складзе. Чаму не на прылаўку? Палітыка. Трэба паказаць, што вось улады задушылі цэнамі да такой ступені, што жыць далей немагчыма. То бок наступілі на балючае месца гэтым гандлярам... Ну нічога, кайданкі дасталі, на стол паклалі перад некаторымі... бульба зьявілася».
Трохі раней, 10 чэрвеня, наведваючы кінастудыю «Беларусьфільм», Лукашэнка казаў тое самае: «Калі праверыў Камітэт дзяржаўнага кантролю некаторых дзеячоў, аказваецца, у палітыцы была справа. Бульбы хапала. Але недзе прытрымалі, каб паказаць, што вось „прэзыдэнт“ у цэнаўтварэньне ўмяшаўся, таму вось вынік».
Нагадаю, што Лукашэнка 11 чэрвеня выдаў адмысловы ўказ, паводле якога гаспадару крамы, у якой ня будзе гародніны і садавіны, пагражае адміністрацыйная адказнасьць.
Кайданкі як унівэрсальны спосаб барацьбы з таварным дэфіцытам — гэта беларускае ноў-хаў. Але тут варта ацаніць, які крэатыўны кансьпіралягічны ход. Тут і замах на стабільнасьць, і вераломства ворагаў, і зразумелая абывацелю прастата тлумачэньня. Але хоць тут і цэлая дзяржаўная змова, аднак пра арышты дзяржаўныя СМІ не паведамлялі. Хіба з той прычыны, што прапагандысцкія сюжэты ня маюць патрэбы ў дакладнасьці.
Форум