На дадзены момант «сярод пацярпелых у сувязі з апошнімі падзеямі ў Іране і Ізраілі грамадзян Рэспублікі Беларусь няма», паведаміла 14 чэрвеня Міністэрства замежных спраў.
«У Іране фарміруецца сьпіс беларускіх грамадзян, якія выказалі жаданьне пакінуць тэрыторыю краіны, — адзначае зьнешнепалітычнае ведамства. — Вядзецца неабходная каардынацыйная праца, у тым ліку ва ўзаемадзеяньні з расейскім бокам».
«У Ізраілі ва ўмовах закрытай паветранай прасторы захоўваецца магчымасьць выезду праз сухапутную мяжу з Эгіптам і Ярданіяй. Улічваючы, што найбліжэйшая амбасада Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў Эгіпце, раім беларускім грамадзянам, якія жадаюць пакінуць краіну, выяжджаць з Ізраілю праз КПП Таба (г. Эйлат)».
Беларускае МЗС «настойліва рэкамэндуе» беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Іране і Ізраілі, «захоўваць спакой, выконваць меры асабістай бясьпекі і строга прытрымлівацца ўказаньняў і рэкамэндацый мясцовых улад і праваахоўных органаў». Ведамства «працягвае ўважліва адсочваць разьвіцьцё сытуацыі» і абяцае «апэратыўна інфармаваць аб яе зьменах».
Напярэдадні расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС паведаміла, што грамадзяне Беларусі эвакуіруюцца з Ірану ў Азэрбайджан у складзе групы іншаземцаў. Было заяўлена, што ў групу з 88 чалавек таксама ўваходзяць грамадзяне Расеі, Латвіі, Сэрбіі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Адзначалася, што Азэрбайджан дапаможа эвакуіраваным з транспартам, разьмяшчэньнем у гатэлі і вяртаньнем у свае краіны.
- У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраіля атакавалі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірану — для нанясеньня крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесены кропкавыя ўдары па вайковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненьне да разьвіцьця іранскай ядзернай праграмы.
- У адказ Іран запусьціў у бок Ізраілю бесьпілётныя лятальныя апараты (паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, усе былі перахопленыя), а затым атакаваў балістычнымі ракетамі.
- У ноч на 14 чэрвеня абмен ударамі працягваўся.
- Паводле зьвестак СМІ, у Ізраілі загінулі чатыры чалавекі, больш за 70 параненыя, у Іране — каля 80 і 320 адпаведна.
Форум