7 чэрвеня на менскай вуліцы Ванеева адбылося тое, чаго футбольныя заўзятары краіны чакалі прыкладна 15 гадоў — у Беларусі зьявіўся сучасны футбольны стадыён на больш чым 30 тысяч гледачоў. Дагэтуль у беларускай сталіцы былі толькі невялікія футбольныя арэны з штучным пакрыцьцём, а стадыёны «Дынама» ці «Трактар» хоць і маюць футбольныя палі, але прызначаныя таксама для спаборніцтваў у іншых відах спорту. Агулам да 7 чэрвеня 2025 году ў Беларусі былі толькі два чыста футбольныя стадыёны — «Барысаў-Арэна» і «Цэнтральны» ў Гомлі.
За тыдзень, які прайшоў з моманту адкрыцьця Нацыянальнага футбольнага стадыёну, там правялі ўжо два матчы. У першым, 7 чэрвеня, беларуская моладзевая зборная згуляла ўнічыю з сваімі аднагодкамі з Кітаю — 1:1, а ў другім, 10 чэрвеня, ужо нацыянальная каманда ў таварыскім матчы разгромна прагуляла расейцам — 4:1. Наколькі рэгулярнымі будуць на новым стадыёне футбольныя матчы высокага ўзроўню далей і ці будуць яны ўвогуле — вялікае пытаньне.
Кітайскі падарунак
Упершыню ўлады Беларусі заявілі пра намер пабудаваць у Менску футбольны стадыён у 2010 годзе, тады гэта зьбіраліся зрабіць у Шчомысьліцы. Але ад ідэі хутка адмовіліся праз высокі кошт праекту. Да таго ж кіраўнік барысаўскага БАТЭ Анатоль Капскі змог дамагчыся будаўніцтва «Барысаў-Арэны», якую адкрылі ў 2014-м і дзе на час рэканструкцыі менскага стадыёну «Дынама» праводзіла свае матчы зборная.
Вярнуліся да ідэі ў 2017-м, калі Лукашэнка асабіста папрасіў дапамагчы ў гэтым Кітай. У Пэкіне пагадзіліся, для Кітаю будаўніцтва спартовых і іншых аб’ектаў у выглядзе падарункаў сяброўскім урадам ня ёсьць чымсьці незвычайным. Такія аб’екты кітайцы ўжо будавалі ў краінах Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі. Дэталі падпісанай паміж Беларусьсю і Кітаем дамовы аб будаўніцтве стадыёну невядомыя. Паводле яе Пэкін абяцаў пабудаваць у Менску сучасны футбольны стадыён на 30 тысяч месцаў, а таксама басэйн. Усе выдаткі пакрываў кітайскі бок, працаваць на аб’екце мелі кітайскія будаўнікі, працы вялі кітайскія кампаніі.
Альтэрнатывай Кітаю магла стаць Вугоршчына, якая прапанавала Менску праект коштам каля 80 мільёнаў даляраў. Аднак фінансаваць яго мусілі беларусы. У выніку працы на вуліцы Ванеева пачалі кітайцы, які ацанілі свой стадыён прыкладна ў 230 мільёнаў даляраў. Беларускія будаўнікі расчысьцілі пляцоўку, якую раней займаў парк, здаць аб’ект плянавалася ў 2023 годзе, аднак тэрмін некалькі разоў пераносілі.
«Сёньня мы афіцыйна адкрываем найвялікшы помнік, — гаварыў 7 чэрвеня на адкрыцьці арэны Аляксандар Лукашэнка. — Я сказаў — на ўваходзе, дзе вы бачылі, кітайцы прывезьлі двух футбалістаў, такі помнік, — я сказаў, што пара тут паставіць помнік майму сябру Сі Цзіньпіну. Бо толькі дзякуючы яму, прыняўшы рашэньне, кітайцы пабудавалі за свой кошт гэты бліскучы стадыён».
Нацыянальны футбольны стадыён стаў пятай арэнай у Менску, дзе могуць праходзіць гульні чэмпіянату краіны. Зусім побач зь ім нядаўна адкрылі рэканструяваны «Трактар», за некалькі кілямэтраў разьмешчаны адносна нядаўна рэканструяваны алімпійскі стадыён «Дынама». Акрамя іх, з ёсьць стадыёны са штучным пакрыцьцём — «Дынама-Юні» ля Каменнай Горкі і стадыён футбольнага клюбу «Менск» на вуліцы Маякоўскага. Новая арэна ад усіх згаданых адрозьніваецца тым, што тэарэтычна можа прымаць міжнародныя матчы значна вышэйшага ўзроўню. Пытаньне толькі ў тым, ці захочуць UEFA (Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў. — РС) або FIFA (Міжнародная фэдэрацыя футболу. — РС) іх там праводзіць. Беларусаў ад афіцыйных футбольных турніраў пасьля 24 лютага 2022 году, адрозна ад расейцаў, не адхілілі, але гуляць на тэрыторыі Беларусі клюбам і нацыянальным камандам забаронена.
«Складана да гэтага ставіцца як да нармальнай падзеі»
«Усё, што зараз адбываецца ў беларускім спорце, цяжкавата ўспрымаць блізка да сэрца, — кажа ў размове з Свабодай кіраўнік спартовага рэсурсу by.tribuna.com Максім Беразінскі. — Спорт так ці інакш выкарыстоўваецца для прапаганды, і мы бачым, што і ў гэтым выпадку таксама. Улады намагаюцца зрабіць з адкрыцьця стадыёну піяр-шоў. Паказаць, што нешта ў краіне добрае адбываецца, нягледзячы на ўвесь каляпс — з бульбай ці яшчэ зь нечым. Таму мне вельмі складана ставіцца да зьяўленьня новага футбольнага стадыёну ў Менску як да нармальнай падзеі».
З словаў Максіма Беразінскага, тое, што ў сталіцы эўрапейскай краіны павінен быць футбольны стадыён і не адзін, — гэта нармальна. У Менску некалькі футбольных камандаў, ёсьць таксама зборныя. Спартовага журналіста адштурхоўвае ідэалёгія, якая ахапіла і адкрыцьцё новага стадыёну, і беларускі футбол агулам.
«Было б добра, вядома, схадзіць туды, паглядзець на стадыён сваімі вачыма, — кажа Максім Беразінскі (пасьля жніўня 2020 году каманда праекту by.tribuna.com працуе з-за мяжы. — РС). — Пераканацца ў яго рэальных тэхнічных магчымасьцях. Але, вядома, гэта не стадыён ХІХ стагодзьдзя, гэта сучасная пабудова. Ён у выніку больш сучасны, чым тое, што атрымалася пасьля перабудовы „Дынама“. Кітайцы ўмеюць будаваць. З гэтага гледзішча ня думаю, што будуць праблемы. Гэты стадыён не разваліцца за пяць гадоў».
Паводле афіцыйнай інфармацыі, новы нацыянальны футбольны стадыён у Менску мае чацьвёртую катэгорыю FIFA. Гэта значыць, што там можна праводзіць матчы самага высокага ўзроўню, з выняткам фіналаў Лігі чэмпіёнаў, чэмпіянатаў сьвету і Эўропы (да такіх матчаў менская арэна не дацягвае колькасьцю месцаў). Пытаньне ў тым, ці змогуць беларусы кагосьці прымаць на афіцыйным узроўні.
«Будоўля плянавалася яшчэ да 2020 году, — кажа Максім Беразінскі. — І зараз гэта (забарона праводзіць афіцыйныя міжнародныя матчы ў Беларусі. — РС) — праблема і для зборных, і для фэдэрацыі, і для футбалістаў. Незразумела, як яе разьвязаць. На жаль, кіраўніцтва дзяржавы не хоча ісьці ні на якія крокі, каб зьмяніць сытуацыю. Зразумела, што нацыянальная зборная ўсё ж згуляе на гэтым стадыёне нейкі афіцыйны матч. Але калі? Гэта залежыць ад палітычных умоваў. І зразумела, што спорт тут не на першым месцы».
«У футболе так, як з бульбай, не працуе»
Тым часам узровень беларускага футболу не расьце. Крытычна пра яго выказваюцца і самі футбалісты, і заўзятары. У рэйтынгу FIFA нацыянальная зборная Беларусі зараз займае 98-ю пазыцыю. У 2011 годзе, калі размовы пра пабудову новай футбольнай арэны толькі пачыналіся, беларусы былі трыццаць шостымі ў сьвеце.
Максім Беразінскі таксама прызнае праблему і кажа, што яе вырашыць яшчэ цяжэй, чым пабудаваць новы нацыянальны футбольны стадыён. І калі з стадыёнам можна было разьлічваць на дапамогу кітайцаў, то на ўзровень футболу ў краіне можна паўплываць толькі самім.
«Новыя футбалісты зьяўляюцца павольна, іх узровень спрэчны, — кажа Максім Беразінскі. — Зборная трымаецца на старым пакаленьні, на людзях, якія пачыналі ў 2010-х гадах, ім зараз па 35. Зразумела, што рабіць на іх стаўку складана. Добра, што нехта з гэтых футбалістаў неяк дацягнуў і апошнімі гадамі гуляў за зборную. Але далей будуць праблемы. Новых яскравых футбалістаў, якія б прэтэндавалі на нейкія кар’еры ў эўрапейскіх клюбах, няма альбо іх вельмі мала».
Асноўнай праблемай беларускага футболу Максім называе спэцыфіку рыхтаваньня маладых футбалістаў. З словаў экспэрта, яны ня вельмі гатовыя прабівацца на міжнародным узроўні. Часта ня хочуць ехаць у іншыя краіны, ня ведаюць замежных моваў.
«У футболе так, як з бульбай, не працуе, — кажа Беразінскі. — Бульбы можна пасадзіць утрая больш і мець большы ўраджай. З футболам так ня ўдасца. Нельга сказаць, што мы адкрыем яшчэ 20 футбольных школаў і праз год будзем мець 20 новых добрых футбалістаў. Не працуе гэтак. Павінна быць гісторыя з працягам, плянаваньне. І яшчэ нармальная сытуацыя павінна быць у краіне».
Пад «нармальнай сытуацыяй» Максім Беразінскі мае на ўвазе пераадоленьне палітычнага крызісу і спыненьне эміграцыйнай плыні. Як кажа экспэрт, пакуль гэта не зьменіцца, з футболам у Беларусі ўсё будзе па-ранейшаму.
«Будуць зьбірацца паседжаньні, на якіх будуць гаварыць, што патрэбныя вынікі, бо ўжо выдзеленыя грошы, а калі вынікі будуць, то грошай дадуць больш, — тлумачыць Максім Беразінскі. — Кола, у якім мы кожны раз бегаем. Зноў будуць пагрозы, словы, што няма куды падаць ніжэй. І зноў будзем некуды яшчэ ўсё ж падаць. Улады ня могуць прызнаць праблемы ў футболе і ня могуць стварыць шлях для іх вырашэньня».
Беразінскі перакананы, што бліжэйшым часам стан беларускага футболу не зьменіцца. І дадае, што можа дайсьці да пагрозаў арыштам у адрас адказных за стан футболу.
«Чакаць зьменаў няма адкуль, — кажа Беразінскі. — Больш за тое, нават калі нешта зьменіцца ў краіне, гэта будзе вельмі доўгі і складаны працэс. Першых вынікаў будзем чакаць вельмі доўга. Футбол — адбітак грамадзтва. Ён у гэтым пляне вельмі сканцэнтраваны. На футбольным полі ты павінен прадэманстраваць якасьці, якія ў табе ў прынцыпе ёсьць, і ў момант Х ты іх мусіш паказаць. А ўсё, што адбываецца ў Беларусі, не спрыяе разьвіцьцю ў людзях яскравых якасьцяў. Футбалісты заціснутыя. Ім складана зрабіць на полі нешта нечаканае для суперніка. Футбол — гэта пра іншае. Пра свабоду, пра творчасьць, пра ўсё такое. Калі ўсё гэта забіваць яшчэ на ўзроўні дзіцячага футболу, то нічога не будзе атрымлівацца».
Бліжэйшы свой афіцыйны матч нацыянальная фубольная зборная Беларусі правядзе ў верасьні 2025 году са зборнай Шатляндыі. 9 чэрвеня стала вядома, што беларусы прасілі FIFA дазволіць ім згуляць на новым стадыёне ў Менску, аднак атрымалі адмову. Гульня пройдзе на нэўтральным полі. Беларуская фэдэрацыя футболу ўжо абвесьціла, што наступным матчам на нацыянальным футбольным стадыёне стане перанесеная гульня паміж менскім «Дынама» і горадзенскім «Нёманам».
Форум