Як вынікае з апублікаванага дакумэнту, асобныя разьдзелы прысьвечаныя аналізу рынку ўгнаеньняў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і яго аднаўленьню.
Згодна зь інфармацыяй FAO, доля беларускага калію ва ўсясьветным гандлі ўгнаеньнямі скарацілася з 9 % у 2021-м да 6 % у 2024 годзе.
Пры гэтым доля расейскіх аналягічных угнаеньняў павялічылася з 18 % у 2021-м да 25 % — у 2024 годзе, дзякуючы скасаваньню некаторых абмежаваньняў на пастаўкі ўгнаеньняў з Расеі.
У арганізацыі адзначылі, што дэфіцыту ўгнаеньняў удалося пазьбегнуць, аднак экспарцёры выказвалі заклапочанасьць праз павелічэньне страхавых унёскаў на камэрцыйнае суднаходзтва і цяжкасьці з фінансавымі апэрацыямі.
«Збоі прымусілі многія краіны шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў і маршруты, што выклікала прыкметныя зьмены ў гандлёвых патоках», — адзначаецца ў чэрвеньскай справаздачы. Наступны дакумэнт будзе апублікаваны ў лістападзе.
Пакуль FAO мае «адносна аптымістычны прагноз для рынкаў харчовай прадукцыі» і прагназуе павелічэньне вытворчасьці і гандлю ўсёй сельгаспрадукцыі, акрамя цукру. Спэцыялісты таксама чакаюць павелічэньня цаны на калійныя ўгнаеньні і адзначылі, што яны заставаліся стабільнымі, дзякуючы паляпшэньню паставак зь Беларусі і Лаосу.
У Беларусі статыстыку аб экспарце калію закрылі летась пасьля таго, як галіна падпала пад заходнія санкцыі. Эўразьвяз увёў забарону на пастаўкі і транзыт часткі прадукцыі «Беларуськалію», ЗША ўвялі санкцыі супраць самой кампаніі і «Беларускай калійнай кампаніі» — афіцыйнага экспарцёра прадукцыі. Да абмежавальных захадаў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія.
- Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
- У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
- Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
- Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
- 18 верасьня 2024 году стала вядома, што суд Эўразьвязу адмовіў у задавальненьні пазоваў «Беларуськалію», ягонага гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЭЗ аб адмене санкцый. Юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпу недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў і інш.
- 12 чэрвеня 2025 году стала вядома аб увядзеньні новых мыт на ўгнаеньні з Расеі і Беларусі.
Форум