У Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету паведамілі, што паляваньне на жывёл будзе дазволена не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і цягам толькі пэўных пэрыядаў.
«У Віцебскай вобласьці — Віцебскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзьненскі, Аршанскі, Сеньненскі і Ўшацкі раёны. У Менскай вобласьці — Барысаўскі і Лагойскі. Мінімальная шчыльнасьць (папуляцыі. — РС) пры гэтым павінна быць ня меней за 0,6 асобіны на тысячу гектараў. Ёсьць і іншыя ўмовы. Напрыклад, павінна быць ня меней за адну самку мядзьведзя з маладняком. Апроч таго, адстрэльваць можна ня больш за 10 адсоткаў папуляцыі», — сказаў намесьнік аддзелу кантролю за аховай і выкарыстаньнем аб’ектаў жывёльнага сьвету Дзяржаўнай інспэкцыі Сьцяпан Гузьней, паведаміла дзяржаўнае sb.by.
Паводле яго, на мядзьведзя можна будзе паляваць з 1 ліпеня да 31 сьнежня, а на рысь — з 1 кастрычніка па 31 студзеня.
Прадстаўнік Дзяржаўнай інспэкцыі дадаў, што пры падрыхтоўцы парадку правядзеньня паляваньня на мядзьведзя і рысь спэцыялісты арыентаваліся на расейскую практыку.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі сваёй пастановай № 10 ад 14 сакавіка зацьвердзіла пералікі жывёл і расьлін, якія маюць статус рэдкіх або знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня і ўваходзяць у Чырвоную кнігу.
Згодна з гэтым рашэньнем да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы) і рысі (была ў другой катэгорыі).
Перад гэтым Аляксандар Лукашэнка сваім указам дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», які прадугледжвае кантраляванае рэгуляваньне іх колькасьці на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі.
Форум