Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канадзе адкрываецца саміт G7. Запрошаны і Ўладзімір Зяленскі


Прыбыцьцё Дональда Трампа ў Канаду.
Прыбыцьцё Дональда Трампа ў Канаду.

У Канадзе 16 чэрвеня адкрываецца саміт «Групы сямі» (G7) — вядучых індустрыяльна разьвітых дэмакратый сьвету.

Лідэры ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Японіі, а таксама прадстаўнікі ЭЗ, сустрэнуцца на фоне вайны Расеі супраць Украіны, рэзкага абвастрэньня канфлікту паміж Ізраілем і Іранам, а таксама рознагалосьсяў паміж ЗША і шэрагам іншых краін «сямёркі», у прыватнасьці, у пытаньні мытаў.

«Самай важнай мэтай для сямі вядучых індустрыяльных краін сьвету было б дасягнуць згоды і пачаць дзейнічаць», — заявіў перад пачаткам сустрэчы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, які ўпершыню ўдзельнічае ў такім мерапрыемстве.

Камэнтатары аднак адзначаюць, што дасягненьне згоды па шэрагу пытаньняў малаверагоднае. Адзначаецца, што Канада адмовілася ад падрыхтоўкі ўсёабдымнага камюніке па выніках саміту, баючыся, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіцца яго ўхваліць.

Агенцтва Bloomberg перад самітам паведамляла, што ЗША, верагодна, выкажуцца супраць прапанаванага ЭЗ і Вялікай Брытаніяй зьніжэньня столі цэнаў на расейскую нафту. Ухваленьне гэтай меры ўскладняецца і рэзкім ростам цэн на нафту ў сувязі з ірана-ізраільскім канфліктам. У той час як кіраўніца Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен напярэдадні саміту заявіла, што на Расею трэба аказваць большы ціск, каб забясьпечыць спыненьне агню ва Ўкраіне, крыніцы «Украінскай праўды» ў дыпляматычных колах ЭЗ адзначылі, што Эўразьвяз у выпадку адмовы ЗША таксама адмовіцца ад аднабаковага зьніжэньня столі коштаў. Між тым, гэтая мера называлася адной з ключавых у 18-м пакеце санкцый ЭЗ супраць Расеі, які абмяркоўваецца цяпер.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па запрашэньні Канады прыме ўдзел у працы саміту ў аўторак, 17 чэрвеня. Сам ён сказаў, што спадзяецца сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША і спытаць у яго, наколькі блізкая пэрспэктыва прыняцьця новых санкцый супраць Расеі. Раней Трамп не выключаў такога кроку, але адзначаў, што неабходна даць Расеі час для прыняцьця рашэньня аб міры. Пры гэтым два тыдні, якія згадваў Трамп у гэтым кантэксьце, ужо скончыліся.

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцьця саміту лідэры эўрапейскіх краін-удзельнікаў «Групы сямі» і прэм’ер-міністар Канады Марк Карні правялі нефармальную сустрэчу ў месцы яго правядзеньня ў Скалістых гарах. Паведамлялася, што яны спрабавалі ўзгадніць пазыцыі перад размовамі з Трампам, у тым ліку па пытаньні Блізкага Ўсходу, гандлю і вайны ва Ўкраіне.

Трамп напярэдадні прыбыў у Канаду, пра якую ён з пачатку году некалькі разоў згадваў як пра магчымы «51-ы штат ЗША». Апошнім часам, пасьля зьмены прэм’ер-міністра Канады, рыторыка абодвух бакоў стала менш рэзкай.

Уладзімір Зяленскі ў панядзелак наведаў Вену. Гэта ягоны першы візыт у Аўстрыю, якая не ўваходзіць у NATO, з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG