Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода ідэнтыфікавала расейскіх вайскоўцаў, імаверна, датычных да забойстваў у Бучы


Украінская служба Радыё Свабода здолела вызначыць расейскіх вайскоўцаў, якія, імаверна, спрычыніліся да расстрэлаў чатырох цывільных грамадзян і двух удзельнікаў мясцовай тэрытарыяльнай абароны ў Бучы.

Гэтых шасьцёх чалавек забілі 4–5 сакавіка 2022 году падчас расейскай акупацыі ў раёне Яблунскай вуліцы ў горадзе Бучы за 30 кілямэтраў на захад ад Кіева.

Радыё Свабода дэталёва дасьледавала абставіны расправы зь мясцовымі ўдзельнікамі тэрытарыяльнай абароны Андрэем Мацьвійчуком і Віталём Карпенкам, а таксама забойстваў чатырох цывільных жыхароў Бучы: Ігара Гарадзецкага, Дзьмітрыя Канавалава, Валерыя Кізілава і Ўладзіміра Рубайлы.

Да забойстваў гэтых бучанцаў, паводле расьсьледаваньня Радыё Свабода, могуць быць датычныя асобныя расейскія вайскоўцы, якія ў сакавіку 2022 году ўваходзілі ў склад 234-га дэсантна-штурмавога палку 76-й дывізіі паветрана-дэсантных войскаў РФ з Пскова:

  • выведнік-снайпэр выведнага ўзводу сяржант Арцём Дзяменцьеў,
  • начальнік выведнага ўзводу лейтэнант Арцём Тарэеў,
  • камандзір аддзяленьня 5-й роты сяржант Уладзімір Барзуноў,
  • камандзір 5-й роты капітан Яўгеній Плюсьнін.


Пскоўскія дэсантнікі — фігуранты расьсьледаваньня Радыё Свабода. Выява з камэры назіраньня ў Бучы. 4 сакавіка 2022 году
Пскоўскія дэсантнікі — фігуранты расьсьледаваньня Радыё Свабода. Выява з камэры назіраньня ў Бучы. 4 сакавіка 2022 году

З фактамі і доказамі імавернай датычнасьці гэтых расейскіх вайскоўцаў да расстрэлаў можна азнаёміцца ў трэцяй частцы фільму-расьсьледаваньня пра масавыя забойствы ў Бучы карэспандэнта Радыё Свабода Дзьмітрыя Джулая. Фільм «Буча. Яблунская» можна паглядзець на ютуб-канале Радыё Свабода.

У гэтым расьсьледаваньні Радыё Свабода пахвілінна рэканструюе тры дні сакавіка 2022 году на Яблунскай вуліцы, калі адбываліся расстрэлы мірнага насельніцтва ў Бучы войскам Расейскай Фэдэрацыі.

Для стварэньня гэтага расьсьледаваньня аўтар праекту

  • сабраў дзясяткі гадзін з камэраў назіраньня ў Бучы;
  • атрымаў фота і відэа з тэлефонаў відавочцаў акупацыі гораду;
  • адшукаў дакумэнты і атрымаў сакрэтныя сьпісы расейскіх падразьдзелаў, якія акупавалі Бучу;
  • ідэнтыфікаваў некалькі соцень расейскіх вайскоўцаў, якія дзейнічалі ў Бучы, і дасьледаваў іх сацыяльныя сеткі;
  • дэталёва прасачыў за расейскімі вайскоўцамі з разнастайных камэраў назіраньня ў момант расстрэлаў цывільных і пакараньняў мясцовых самаабаронцаў.

Журналісту Радыё Свабода таксама ўдалося асабіста паразмаўляць з адным зь фігурантаў расьсьледаваньня — сяржантам расейскай арміі Ўладзімірам Барзуновым — і атрымаць ад яго пацьверджаньне таго, што войска РФ забівала цывільных у Бучы.

Іншыя пскоўскія дэсантнікі, фігуранты расьсьледаваньня Арцём Дзяменцьеў, Валянцін Лагода, Арцём Тарэеў і Яўгеній Плюсьнін, не адказалі на запыт Радыё Свабода адносна камэнтароў.

Таксама ў фільме ўпершыню паказалі невядомыя кадры з камэраў назіраньня, на якіх зафіксаваныя расстрэлы цывільных, учыненыя расейскім войскам, і сьведчаньні родных загінулых ды відавочцаў забойстваў на Яблунскай вуліцы.

«Буча. Яблунская» — трэцяя частка расьсьледаваньня Радыё Свабода пра масавыя забойствы ў Бучы. Папярэдняя частка фільму «Буча. Забойства самаабаронцы Пабягая» ў траўні 2025 году атрымала ў ЗША залатую ўзнагароду тэлекінапрэміі New York Festivals 2025 у намінацыі «Правы чалавека». А першая частка пра забойства палкоўніка СБУ Аляксея Целіжэнкі стала падставай для ўкраінскіх ахоўных органаў абвясьціць падазрэньне расейскаму афіцэру, які быў адным зь фігурантаў расьсьледаваньня.

Паводле інфармацыі архіўнага аддзелу Бучанскай гарадзкой рады, за пэрыяд расейскай акупацыі сярод жыхароў Бучы і ваколіц загінулі 554 цывільныя.

  • 43 целы застаюцца неапазнанымі,
  • 38 цывільных бучанцаў лічацца зьніклымі бязь вестак,
  • прынамсі 33 мужчыны дагэтуль у палоне,
  • 1 захоплены цывільны загінуў у расейскай няволі.

Расея адмаўляе датычнасьць сваіх войскаў да масавых забойстваў цывільных у Бучы. Міністэрства абароны РФ заявіла, што за час знаходжаньня расейскіх войскаў у гэтым горадзе «ніводзін мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-кольвек гвалтоўных дзеяньняў», а прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў масавыя расстрэлы ў Бучы «фэйкам» і «правакацыяй».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG