Сейм Літвы папярэдне ўхваліў праект закону аб увядзеньні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны і пастанавіў тэрмінова яго разгледзець на пасяджэньні 19 чэрвеня.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце парлямэнту, адпаведны праект закону падтрымалі 123 дэпутаты, два прагаласавалі супраць і адзін утрымаўся.
Законапраект прадугледжвае магчымасьць увядзеньня нацыянальных эканамічных санкцый супраць Расеі і Беларусі ў выпадку спыненьня або частковага (ці поўнага) скасаваньня санкцый, уведзеных на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу.
Прадугледжваецца, што ўрад Літвы зможа ўводзіць два тыпы санкцый: замарожваньне актываў і сэктаральныя абмежаваньні. У прыватнасьці, мова ідзе аб абмежаваньнях экспарту тавараў, тэхналёгій, паслуг і праграмнага забесьпячэньня, якія могуць быць выкарыстаны для ўдасканаленьня вайсковых і тэхналягічных магчымасьцей Расеі або Беларусі, разьвіцьця абароннага сэктару і бясьпекі, а таксама павелічэньня прамысловага патэнцыялу Расеі або Беларусі.
«Мы тут ня першыя. Нашыя суседзі, дзяржавы рэгіёну, маюць значна большы досьвед нацыянальных санкцый. Мы, у пэўнай ступені, сочым за гэтым працэсам. Дзяржавы, што не ўваходзяць у Эўрапейскі зьвяз, усе яны маюць мэханізмы санкцый. [...] Адной з прычын, чаму ў нас не было распрацаванага мэханізму нацыянальных санкцый, было тое, што мы больш, чым іншыя дзяржавы, абапіраліся на агульную зьнешнюю і бясьпекавую палітыку ў Эўразьвязе», — сказаў міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, прадстаўляючы праект закону ў парлямэнце.
Паводле яго, адпаведныя ўрадавыя ўстановы будуць вызначаць канкрэтных фізычных і юрыдычных асобаў, супраць якіх будуць уводзіцца абмежаваньні. Меры па замарожваньні актываў і эканамічных рэсурсаў ня будуць прымяняцца датычна асобаў, супраць якіх ужо дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу.
Урад Літвы 4 чэрвеня падтрымаў праект закону аб нацыянальных санкцыях, прапанаваны Міністэрствам замежных спраў краіны.
Вільня хоча пакінуць за сабой магчымасьць прымаць самастойныя рашэньні аб санкцыях у выпадку калі іх працяг улетку 2025 году заблякуе Вугоршчына.
Форум